ВЁСКА ЗАПРАСІЛА НА СВЯТА

Культура

У Камені на пляцоўцы каля Дома культуры прайшло свята вёскі. І хоць дата аказалася зусім не круглая, 750-гадовы юбілей вёска адзначыць толькі ў наступным годзе, і мясцовых жыхароў, і гасцей сабралася шмат. Арганізатарамі сталі адміністрацыя сельвыканкама, кіраўніцтва КУП “Сівіца”, настаўнікі мясцовай школы і работнікі клуба. Распачалося мерапрыемства тэатралізаваным прадстаўленнем пра гісторыю Каменя. Узгадваліся і легенды пра паходжанне вёскі і яе назвы, дэманстраваўся герб. Першыя ўспаміны пра вёску датаваны 1262 годам. У афіцыйнай частцы свята горача ўшаноўвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў працы – лепшых работнікаў мясцовай гаспадаркі, школы, лясніцтва, райспажыўтаварыства, а гэта ні многа, ні мала – 82 чалавекі. Самая малодшая жыхарка вёскі Дамініка Адамовіч, якой нядаўна споўніўся месяц, атрымала вялікага цацачнага зайца. Падарунак быў уручаны і доўгажыхарцы Ганне Іванаўне Вярбоўскай, яна нарадзілася ў 1920 годзе і на сённяшні дзень самая пажылая жыхарка Каменя. Багатым аказаўся гэты год для вяскоўцаў і на юбілейныя вяселлі. Горача віншавалі на свяце сям’ю Вярбіцкіх, яны пражылі разам больш за 60 гадоў. Знайшліся і такія сем’і, якія адзначылі сёлета залатое, рубінавае, ільняное і сярэбранае вяселлі. Усе атрымалі памятныя падарункі і кветкі.

Былі падведзены вынікі аб’яўленага яшчэ вясной конкурсу на лепшы падворак у вёсцы. Створаная дзеля гэтага камісія, у якую ўвайшлі старшыня і дэпутаты сельвыканкама, санітарная, землеўпарадкавальная службы, аб’ехала ўсе падворкі, у першую чаргу звярталі ўвагу на парадак у двары, стан агароджы, аздабленне (многія сядзібы патанаюць у кветках, упрыгожаны малымі архітэктурнымі формамі). Гэта гаворыць пра тое, што ў вяскоўцаў стае жадання жыць прыгожа, больш зрабіць уласнымі рукамі, даць волю фантазіі. А задаюць тон у добраўпарадкаванні на ўласных прысядзібных участках Ядвіга Пятроўна Петрашкевіч (вул. Першамайская, 72), Анатолій Антонавіч Адамовіч (вул. Новая, 12) і Валянціна Канстанцінаўна Пятруцкая (вул. Садовая, 9). Галоўны спонсар свята – КУП “Сівіца” – кожнаму з гаспадароў уручыў парася. Да позняга вечара весялілі вяскоўцаў і гасцей свята артысты Івянецкага Дома культуры і Івянецкага дзіцячага дома.

Святлана СУХАДОЛЕЦ



Добавить комментарий