Вірус пераможам толькі разам

Безопасность и здоровье Главное

У наш няпросты час, калі барацьба з вірусам COVID-19 цалкам забірае сілы медыцынскіх работнікаў, атрымаць магчымасць узяць у кагосьці з іх інтэрв’ю – вялікая ўдача. Падобны шанц выпаў мне. Сустрэча адбылася ў кабінеце галоўнага ўрача Валожынскай ЦРБ. З усімі неабходнымі мерамі перасцярогі паднялася на другі паверх адміністрацыйнага будынка райбальніцы. Павел Алегавіч ГАНЧАР – на месцы. Калі планавалі сустрэчу, ён адразу папярэдзіў: на працягу працоўнага дня не зможа ўдзяліць ніводнай хвіліны. Але на гадзінніку 18.00, таму смела адчыняю дзверы. Адзін за адным, вытрымліваючы дыстанцыю, у памяшканне заходзяць загадчык райпаліклінікі Аляксандр Аляксандравіч БУРАК і загадчык інфекцыйнага аддзялення Ала Зыгмундаўна ІЛЬКЕВІЧ. Не згаворваючыся, рассаджваемся літаральна па розных кутках кабінета. Я з хваляваннем углядаюся ў напалову схаваныя за медыцынскімі маскамі твары людзей, на якіх сёння ўсе нашы спадзяванні, і не заўважаю ніякіх асаблівых змяненняў, апроч стомы ў вачах (38-ы дзень без выхадных!), якую субяседнікі не здолелі схаваць нават за ветлівымі ўсмешкамі. Маю да суразмоўцаў безліч пытанняў, але, улічваючы тое, што час абмежаваны, стараюся звесці запланаваны спіс да мінімуму – разумею: даражаць кожнай хвілінай.

– Паважаныя медыкі, скажыце, калі ўпершыню пачулі пра каранавірус, адчулі небяспеку для беларусаў?
Павел Алегавіч: Думаю, большасць з нас вельмі спадзявалася, што там, у Кітаі, яго нейкім чынам утаймуюць. Я верыў: успышка ва Ухані – ачаговая, і да нас яе водгук не дойдзе. Аднак ужо ў студзені ўсе зразумелі: чаканні не спраўдзяцца. Калі эпідэмія стала распаўсюджвацца з неверагоднай хуткасцю, мы пачалі рыхтавацца да сустрэчы з ёй.
Ала Зыгмундаўна: Я ж увогуле пэўны час не задумвалася пра магчымасць развіцця падзей у такім маштабе. Мне, літаральна ўчарашняй студэнтцы, пачутае і прачытанае пра распаўсюджванне пандэміі здавалася працягам вучобы. Сутыкненне з праблемай на практыцы ўяўлялася амаль сном.

– Тым не менш, сёння мы, як кажуць, маем тое, што маем. Каранавірус з намі. І зараз вы, як ніхто, можаце параўнаць чаканні і рэальнасць, інфармацыю з Інтэрнэту і ўласны вопыт…
Аляксандр Аляксандравіч: Ведаеце, я Вас здзіўлю, але мы не ўспрымаем сённяшнія абставіны як нешта надзвычайнае, проста лечым захварэўшых, а гэта нашы будні. На самай справе вірус COVID-19 – проста чарговы. Так, вельмі агрэсіўны, мала вывучаны, супраць яго няма вакцыны, але, па-першае, пры выкананні пэўных гігіенічных норм, яго можна пазбегнуць, а па-другое, ёсць людзі, якія вылечваюцца, ёсць тыя, хто не адчувае цяжкіх сімптомаў ці ўвогуле пераносіць вірус зусім без іх.

– Раскажыце, калі ласка, як ішла падрыхтоўка райбальніцы да работы ў новых умовах?
Павел Алегавіч: Хачу адзначыць, што ў нас вельмі граматны і вопытны эпідэміёлаг Таццяна Генадзьеўна Турпакова. Яшчэ да афіцыйных загадаў і рэкамендацый яна правільна ацаніла ўсе рызыкі і магчымасці, была настолькі пераканаўчай, што змагла растлумачыць нам (тады дастаткова скептычна настроеным): рыхтавацца патрэбна, і часу на гэта няшмат. Ужо 21 студзеня мы правялі першыя вучэнні для медработнікаў, узмоцнілі санэпідрэжым, павялічылі закупку дэзсродкаў, пачалі надаваць больш увагі апрацоўцы паверхняў і рук. Пазней стала вядома, што акушэрска-гінекалагічны корпус бальніцы будзе перапрафіляваны пад аддзяленне для лячэння хворых з гэтай інфекцыяй. Мы шмат часу ўдзялілі разлікам: як размясціць зоны – чыстыя і брудныя, якім чынам у палатах расставіць ложкі, улічваючы неабходную (не менш за 120 см) дыстанцыю між імі, наладзіць падачу кіслароду і многае іншае. Адным са складаных момантаў магла стаць арганізацыя шлюзаў – пераходных памяшканняў між зонамі, але не выпадкова абраны менавіта наш корпус (у большасці аддзяленняў яны ўжо былі, толькі спатрэбіўся час, каб дааснасціць іх неабходным). У выніку маем 78 ложкаў у палатах і 10 месцаў у рэанімацыі. Адразу папярэджваю ваша пытанне: аддзяленне не перагружана, месцы ёсць.

– Колькі медыкаў задзейнічаны ў рабоце аддзялення? Якім чынам была наладжана іх падрыхтоўка?
Павел Алегавіч: Усяго 58 чалавек, з іх 9 урачоў – 3 тэрапеўты (па дыпломе), эпідэміёлаг, 4 рэаніматолагі. Кіруе работай аддзялення намеснік па медыцынскай часці, таксама рэаніматолаг. Што тычыцца падрыхтоўкі, яна працягваецца ў працэсе. Улічваем вопыт краін, дзе справы ідуць на лад, асабліва кітайскі.

– Раскажыце пра ўласныя адчуванні, калі ў аддзяленні з’явіўся першы пацыент.
Павел Алегавіч: Пацыент – заўсёды пацыент. Яго трэба ратаваць. Вы ж, напэўна, ведаеце, спецыфічнага лячэння няма. Змагаемся з сімптаматыкай у залежнасці ад ступені цяжкасці. Тым, у каго пнеўманія, абавязкова даём дыхаць кіслародам, сочым за прапазіцыяй цела (да 16 гадзін у суткі пацыент павінен ляжаць на жываце), ставім капельніцы і інш. Так было і з першым, і з наступнымі.

– Ці праўда, што хранічныя захворванні і асабліва атлусценне моцна ўскладняюць цячэнне захворвання?
Аляксандр Аляксандравіч: Безумоўна, як і любой іншай інфекцыі. Але гэта не заўсёды. У нас, напрыклад, нядаўна выпісаўся пацыент з вельмі высокай вагой – дзесьці каля 200 кг. Яго літаральна “выцягнулі”, сёння ён ужо дома.

– Дзякуючы СМІ, мы ведаем сімптомы захворвання. У тых, у каго дыягназ пацверджаны, усе яны заўважаліся?
Ала Зыгмундаўна: Гэта вельмі індывідуальна. Шмат пішуць, быццам страта нюху і смаку – ледзь не галоўныя пракметы, а ў нас праходзілі людзі, якія менавіта падобнай сімптаматыкі не мелі. І, наадварот, былі такія, што на пэўны час гублялі пачуцці, а лабараторна дыягназ не пацвярджаўся.

– Існуюць розныя формы працякання захворвання – цяжкая, сярэдняя, лёгкая і бессімптомная. З якой часцей сустракаюцца валожынскія медыкі?
Павел Алегавіч: З бессімптомнай. І гэта нясе небяспеку заражэння тых, хто побач. Таму і неабходна ізаляцыя людзей, якія мелі кантакты з хворымі.

– Я так разумею, шпіталізуюцца не ўсе, хто мае падобны дыягназ?
Павел Алегавіч: Сапраўды. Брыгада, якая выязджае на выклік забірае “цяжкіх” і “сярэднецяжкіх” пацыентаў. У каго лёгкая форма і тым больш бессімптомная, застаюцца на самаізаляцыі.
Аляксандр Аляксандравіч: Гэта не значыць, што пакідаем людзей сам-насам з хваробай. Да іх на дом арганізуюцца выезды. Яны ў любы момант могуць атрымаць кансультацыю па тэлефоне. Кожнаму даецца пэўная інструкцыя з улікам сімптаматыкі і самаадчування. Самае галоўнае, пераканаўча даводзіцца кожнаму: у выпадку пагаршэння стану неабходна выклікаць хуткую дапамогу. 

– Якім чынам маніторыцца стан людзей, асабліва ў тых выпадках, калі іх самадчуванне не мяняецца?
Павел Алегавіч: У рабоце з каранавіруснай інфекцыяй галоўнае – не прапусціць развіццё пнеўманіі. Менавіта яна ў спалучэнні з рознымі хранічнымі дыягназамі і прыводзіць да самых нежаданых вынікаў. Каб выключыць ці, наадварот, дыягнаставаць пнеўманію, робім рэнтген, тамаграфію. Першы і галоўны наш памочнік – пульсаксіметр. Гэта прыбор, што дазваляе кантраляваць насычэнне крыві кіслародам.
Ала Зыгмундаўна: Важна таксама, каб людзі самі правільна выконвалі ўсе рэкамедацыі, напрыклад, кантралявалі тэмпературу, прыслухоўвалі да пачуццяў. І трымалі сувязь з урачом, бо толькі ён правільна ацэніць стан хворага і дасць слушныя парады.

– А вось як часта і каму робяцца тэсты?
Аляксандр Аляксандравіч: Правядзенне тэстаў дакладна рэгламентуецца нарматыўнымі актамі. Людзям з сімптомамі і кантактам першага ўзроўню тэсты робяцца абавязкова, але з імі не ўсё проста. Ёсць выпадкі, калі клінічная карціна – 100-працэнтны каранавірус, а мазок адмоўны і наадварот.
Павел Алегавіч: Дарэчы, Ала Зыгмундаўна першай у нашым раёне асвоіла тэхніку выканання мазкоў.

– Значыць Вы ў пастаянным кантакце з магчымымі носьбітамі? Не страшна?
Ала Зыгмундаўна: Так, я ў групе рызыкі, але ж гэта мая работа. Аказваецца, да небяспекі прывыкаеш.

– Наколькі сур’ёзна рызыкуюць тыя, хто працуе непасрэдна ў аддзяленні?
Павел Алегавіч: Рызыкуюць. Але і мы, і яны самі ўсё робім, каб магчымасць заражэння мінімізаваць. Канешне, у спецкасцюмах працаваць
няпроста, гэта вымушаная неабходнасць. Таксама не магу не адзначыць вялікі ўклад у агульную справу (асабліва ў набыцці сродкаў бяспекі, розных бытавых рэчаў для тых, хто задзейнічаны ў рабоце корпуса) валожынскіх валанцёраў. Яны для нас сталі няштатным мабільным аддзелам забеспячэння. Бываюць выпадкі, калі праз бюджэт не паспяваем штосьці набыць (хоць неабходнае і ёсць на рынку), тут яны – першыя на лініі дапамогі.

– Цікава, каму так бы мовіць пашанцавала: тым, хто захварэў адным з першых і таму відавочна атрымаў больш увагі ад урачоў, ці тым, хто хварэе зараз, калі назапашаны пэўны вопыт?
Павел Алегавіч: Пашанцавала таму, хто вёў здаровы лад жыцця, абараняў сябе і не захварэў увогуле. Што тычыцца непасрэдна пытання, я лічу: вопыт (не толькі наш, а сусветны) з кожным днём робіць дзеянні медыкаў больш упэўненымі.

– Дайце, калі ласка, парады валожынцам наконт таго, як не дапусціць заражэння і не ўскладніць жыццё медыкаў?
Павел Алегавіч: Неабходна ўсім без выключэння карыстацца маскамі, калі накіроўваемся ў людныя месцы, а лепш іх пазбягаць. Кожны павінен разумець: блізкі кантакт на працягу 15 хвілін з носьбітам віруса абавязкова прывядзе да заражэння. Таму дыстанцыравацца неабходна максімальна.
Аляксандр Аляксандравіч: Не забывайце таксама пра сур’ёзную апрацоўку рук. Не шкадуйце мыла і антысептыкаў, насіце пальчаткі.
Ала Зыгмундаўна: Дарагія чытачы, неабходна ўсведамляць: мы працуем для вас, змагаемся за кожнага, але ад вас і толькі ад вас залежыць недапушчэнне лавінападобнага развіцця эпідэміі, што прывядзе да сур’ёзнай нагрузкі на ўстановы аховы здароўя.

– Такая магчымасць існуе?
Павел Алегавіч: Калі свядомасць людзей не вырасце, здарыцца можа ўсё. Але панікаваць не трэба. Як ужо адзначалася, перагрузкі ў нас пакуль няма. Ёсць таксама магчымасць стварэння рэзервовага аддзялення. Але ж так хочацца, каб гэта не спатрэбілася. Таму – прафілактыка, прафілактыка і яшчэ раз прафілактыка.

– Дякуй за адказы. Дарагія ўрачы, здароўя вам, поспеху і ўдачы. Спадзяюся, чытачы прыслухаюцца да вашых слоў, зробяць правільныя высновы, і мы ўсе разам пераможам COVID-19.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ