Гісторыя з фатаграфіяй

Главное Общество

Ініцыятыўныя супрацоўнікі краязнаўчага музея натхніліся ідэяй – разам з чытачамі газеты акунуцца ў эпоху, якая мінула не так даўно, але ўспрымаецца людзьмі па-рознаму.

Экспазіцыя музея налічвае вялікую колькасць старых фотаздымкаў, на кожным – імгненне нечага асабістага жыцця або агульныя падзеі, непазнавальныя знаёмыя краявіды…

У новай рубрыцы будуць прадэманстраваны рэдкія фатаграфіі, пададзены сапраўдныя факты. Нас чакае сустрэча з простай, але затое самай праўдзівай гісторыяй Валожыншчыны…

На фотаздымку шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на раённым свяце працы і песні ў Іслачоўцы. Такое мерапрыемства традыцыйна праводзілася ў ліпені на беразе хуткаплыннай ракі Іслач і прысвячалася Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Мерапрыемства было маштабным і мнагалюдным. На ім прадстаўлялі ўсе працоўныя калектывы раёна. У пачатку свята падводзіліся вынікі сацыялістычнага спаборніцтва паміж працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў, вызначаліся новыя межы ў дасягненні поспехаў прамысловага і сельскагаспадарчага развіцця рэгіёну. На стэндзе “Слава перадавікам вытворчасці!” змяшчаліся фотаздымкі герояў працы. Гэтых паважаных людзей ушаноўвалі граматамі і каштоўнымі падарункамі на галоўнай сцэне свята.

Пасля ўрачыстай часткі пачыналася вялікая канцэртная праграма, у якой прымалі ўдзел усе творчыя калектывы раёна, а таксама запрошаныя госці сталіцы. На зялёнай паляне ладзіліся масавыя гульні, працавалі атракцыёны, быў арганізаваны гандаль харчовых, прамысловых, канцылярскіх тавараў. Насычанай і разнастайнай была спартыўная праграма. Свята доўжылася цэлы дзень. Песні, вясёлы смех, радасныя воклічы напаўнялі наваколле.