Мабільныя паштавікі

Главное Общество

Паштальёны і вадзіцелі брыгады мотадастаўкі Вольга Уладзіміраўна СЯТШАЕВА, Сяргей Аркадзьевіч ЛЯНКЕВІЧ, Святлана Анатольеўна МІЛЕЎСКАЯ, Уладзімір Уладзіміравіч КОСІК, Дзмітрый Віктаравіч ДАРОШКА, Святлана Яўстафьеўна ПАШКОЎСКАЯ.

Кожную раніцу, незважаючы на любыя ўмовы надвор’я, групы мотадастаўкі раённага ўчастка паштовай сувязі адпраўляюцца па сваіх маршрутах, каб своечасова даставіць жыхарам населеных пунктаў Валожыншчыны газеты, часопісы, лісты, пасылкі. Дзякуючы рабоце брыгады, прадпрыемства прадастаўляе грамадзянам магчымасць, не выходзячы з дому, аплаціць рахункі, аформіць падпіску на друкаваныя выданні, атрымаць пенсію, набыць латарэйныя білеты ці любыя харчовыя і прамысловыя тавары.

Сёння з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі многія тавары дастаўляюцца па папярэднім заказе без перад-аплаты. Прадукты таксама можна заказаць, але нават калі грамадзяне гэтага не зрабілі, штодзённа ладзіцца падвоз самага неабходнага.

Як паведамілі на пошце, абавязковая ўмова для работнікаў, якім на працягу дня даводзіцца кантактаваць са значнай колькасцю людзей, у тым ліку і з тымі, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, – выкарыстанне масак, пальчатак, антысептыкаў.

Аўтамабілі матарызаванай дастаўкі працуюць па чатырох кірунках – івянецкім, гародзькаўскім, дорскім і багданаўскім. Загрузка машын, іх выезд адбываюцца згодна з графікам. Самыя напружаныя дні – аўторак, пятніца, субота (у аўторак і пятніцу выходзіць раённая газета – самае папулярнае выданне ў падпісчыкаў, а таксама ў пятніцу і суботу выплачваецца пенсія і за выхадныя дні).

Мабільныя паштавікі ганарацца сваімі адносінамі са спажыўцамі іх паслуг. Штодня ад жыхароў раёна кіраўніцтву ўчастка паступаюць цудоўныя водгукі аб рабоце дружнай каманды.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара