ПАГАРЭЎ ЧАЎНОЧНЫ БІЗНЭС

Закон и порядок

З прыняццем пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 753 “Аб некаторых мерах па абароне спажывецкага рынку” органы дзяржаўнай бяспекі і іншыя праваахоўныя структуры рэалізуюць адпаведны комплекс мерапрыемстваў.

У прыватнасці, выяўлены і перакрыты кантрабандны канал дастаўкі нафтапрадуктаў за межы краіны. Перамяшчэнне паліва ў адну з краін Балтыі ажыццяўлялася праз выдатна замаскіраваны самаробны трубаправод з дапамогай помпы. Зараз вядзецца ўстанаўленне асоб, якія мелі адносіны да супрацьпраўнай дзейнасці, – яны панясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Акрамя гэтага, выкрыты механізм крадзяжу і вывазу ў іншыя краіны работнікамі аднаго з лакаматыўных дэпо дызельнага паліва. Нарматыўнымі дакументамі прадугледжваюцца выпадкі, пры якіх рухомы састаў расходуе больш паліва. Два машыністы выкарысталі гэту магчымасць і ўносілі завышаны расход паліва ў маршрутныя лісты, а рэальную рэшту саляркі збывалі. Па выніках праверкі да іх будуць прыняты адпаведныя меры – аж да затрымання маёмасці з наступнай канфіскацыяй.

З аднаго боку, праблема вывазу айчынных тавараў і аўтамабільнага паліва ў сумежныя дзяржавы – удзел прыгранічных раёнаў рэспублікі, жыхары якіх, паддаўшыся спекулятыўным намерам, уключыліся ў так званы “чаўночны бізнэс”. Аднак і ў сталічным рэгіёне знаходзяцца асобныя “прадпрымальнікі”, якія жадаюць атрымаць лёгкую нажыву, арганізаваўшы нелегальныя каналы “экспарту” нафтапрадуктаў.

Супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці і Камітэта дзяржкантролю пры арганізацыі планавых сумесных мерапрыемстваў адпрацоўваюць канкрэтныя “шэрыя” схемы паставак за мяжу айчыннага паліва ў значных аб’ёмах, прымаюць меры па ўстанаўленню фігурантаў незаконнага бізнэсу. Асобныя ўжо прыцягваліся да адказнасці, але прага да лёгкай нажывы, нягледзячы на значную шкоду агульнанацыянальным інтарэсам, зноў штурхае іх да парушэння заканадаўства. Аднак прымаемыя дзяржавай меры па абароне спажывецкага рынку жорстка вяртаюць такіх грамадзян на сцежкі закона.

Прэс-служба ўпраўлення КДБ

па Мінску і Мінскай вобласці.

 



Добавить комментарий