“Іх дапамога бясцэнная.

Безопасность и здоровье Главное Общество

Можна шмат гаварыць, а патрэбны рэальныя дзеянні. Нашы маладыя памочнікі кожны дзень на “баявым пасту”: працуюць вельмі аператыўна. І сёння практычна валодаюць сітуацыяй у барацьбе з каранавірусам не горш за медыкаў”.

Так загадчык раённай паліклінікі Аляксандр БУРАК ахарактарызаваў работу тройкі валанцёраў, арганізатараў групы “Дапамога медыкам Валожына” Аляксея ВІРШЫЧА, Веранікі КУРБАЕВАЙ і Кацярыны НАДУЛІНАЙ-ЗГІРСКАЙ.

Сёння гэтыя нераўнадушныя людзі – нашы суразмоўцы. Кожнаму з іх мы задалі наступныя пытанні і папрасілі на іх адказаць.
1. Асноўны занятак: дзе і кім працуеце.
2. З чаго пачаўся Ваш удзел у групе?
3. Апішыце адзін дзень з жыцця валанцёра.
4. Як справа дабрачыннасці паўплывала на Вас?

 

Аляксей ВІРШЫЧ:

– Я – айцішнік, працую ў мінскай фірме, цяпер – на аддаленасці. Напачатку красавіка ў чаце групы дачкі ўбачыў пост з інфармацыяй аб тэрміновым зборы сродкаў на дапамогу ў барацьбе з каранавірусам. Хто збірае, каму і куды накіроўваць – не зразумела. Звязаўся з Веранікай (ведаю, што яна часта бывае ў паліклініцы і выпісвае рэцэпты матулі), каб запыталася аб гэтым у кіраўніцтва. Усё аказалася фэйкам – бальніца нічым падобным не займалася. Тады задала простае пытанне: “А можа штосьці патрэбна?” Высветлілася – ручнікі: з іх пачалося наша цеснае супрацоўніцтва з медыкамі і стварэнне групы, кіраўніцтва якой узяў на сябе. Лічу, што наша роля перавялічана. Трэба быць рэалістамі: дапамога – акт падтрымкі, і да яго далучылася вельмі вялікае кола людзей.
Адразу было цяжка, бо не ведалі, куды кідацца. Паступова выпрацавалася нейкая стратэгія і сталі працаваць сістэмна: менш эмоцый – больш практыкі, кіруемся праверанай і дакладнай інфармацыяй, якая паступае ад медыкаў. Зараз асабіста я заняты на забеспячэнні камбінезонамі і пошуку спонсараў для іх пашыву.
Такая сітуацыя каардынальна мяняе светапогляд, з’яўляецца думка: няма нічога больш важнага за здароўе і жыццё чалавека. Кожны павінен разумець, што вірус можа закрануць і яго. Многа ёсць скептыкаў, але ўсё, паверце, вельмі сур’ёзна. Раней да медыкаў амаль не меў дачынення, а зараз скажу: гэта гераічная прафесія. Урачы не толькі лечаць, але і стараюцца засцерагчы псіхіку чалавека, бо ведаюць, наколькі складана.

 

Вераніка КУРБАЕВА:

– Працую прадаўцом у магазіне “Дарым”, што на Еўраопце. Усё пачалося выпадкова – з простага пытання. Далей прыйшла дадому, адкрыла камп’ютар і напісала зварот да жыхароў Валожына. Так утварылася група, у якую кожную хвіліну ўступалі нераўнадушныя людзі з усіх куткоў Беларусі. Хтосьці дапамагаў транспартам, у некага неабходнае ляжала дома, яшчэ нехта пералічваў грошы. Раўнадушных не было! Да гэтай пары ў мяне з’яўляюцца слёзы і ком у горле, калі руку дапамогі працягваюць зусім незнаёмыя людзі і дзякуюць нам за работу. Паміж усімі такі давер, што цяжка нават уявіць у штодзённым жыцці: пералічваем немалыя грошы чужым людзям на набыццё таго ці іншага тавару, які ў далейшым прывозяць пабочныя асобы, і гэтак далей. На працы раблю два дні праз два: прыходжу пасля выхаднога, а мне з суседніх магазінаў пастаянна нешта перадаюць, ад каго – невядома: у справе дабрачыннасці большасць не жадаюць называць сябе.
Асобна хацелася б адзначыць валожынцаў: паверце, такой згуртаванасці няма ні ў адным горадзе Беларусі! І я шчыра ганаруся сваімі землякамі – добрымі, чулымі, спагадлівымі: яны не застаюцца ўбаку, а проста дапамагаюць без лішніх слоў.
Кожны дзень мы даём справаздачу ў сацыяльных сетках аб зробленым, пішам, куды пайшлі сродкі, прадстаўляем дакументы. Аднак нам кажуць, каб не трацілі на гэта часу – рэальныя справы куды важней. Ведаеце, такія адносіны прымушаюць быць вельмі адказнымі: пачынаеш сачыць за сваімі паводзінамі-дзеяннямі, зносінамі і пастамі ў Інтэрнэце, бо ты займаешся сур’ёзнай справай і важна, што пра цябе падумаюць.

 

Кацярына НАДУЛІНА-ЗГІРСКАЯ:

– Мой любімы занятак – выпяканне кандытарскіх вырабаў у дамашніх умовах на заказ. Па сумяшчальніцтве працую бухгалтарам у магазіне “Вясёлка” ў Валожыне.
Да валанцёрства прыйшла даўно, цяперашняя сітуацыя ва ўсім свеце дала магчымасць дапамагаць адкрыта, хаця ніколі не жадала, каб пра гэта ведалі ўсе. Раней у большай ступені апекавалася над жывёлай – так займела адданага сябра-сабаку па мянушцы Арахіс, які жыве са мной трэці год. Неяк увечары перапісвалася з матуляй і расказала, што хацела б парадаваць смакатой медыцынскі персанал, які зараз знаходзіцца ў інфекцыйным аддзяленні. Пытанне было ў тым, як усё перадаць, бо тады ніякай актыўнасці ў гэтым кірунку не назіралася. Раніцай, калі замешвала цеста на кексы, у сацыяльных сетках выпадкова ўбачыла публікацыю Веранікі з заклікам аб дапамозе, патэлефанавала і сказала, што калі патрэбен будзе транспарт – яна можа заўсёды разлічваць на мяне. Спякла скрынку ласункаў і завезла іх у бальніцу. У аддзяленні мелі патрэбу ў швабры, і мая матуля папрасіла яе перадаць. З таго часу наша тройка заўсёды разам.
Яшчэ месяцы два таму не магла і падумаць, што буду класціся спаць і прачынацца з думкамі аб іншых людзях, а дакладней – аб дапамозе ім. Для мяне вельмі каштоўна, калі пры сустрэчы на вуліцы знаёмыя дзякуюць нам за работу. Для таго, каб дапамагаць, не абавязкова быць валанцёрам, галоўнае – быць чалавекам! З гэтым дэвізам жыву ўжо 25 гадоў. Ці змянюся я і мой свет пасля цяперашніх падзей? Безумоўна – наша жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым, гэты факт неабходна прыняць і быць шчаслівым сёння і зараз! Нам давядзецца нанова многаму навучыцца, але першае, што зраблю, калі ўсё скончыцца, – абніму сваіх самых блізкіх на свеце людзей, сваю сям’ю. Я зразумела, як шмат часу мы раней трацілі ўпустую, не заўважаючы самага патрэбнага, і менавіта зараз ёсць такая цудоўная магчымасць гэта ўсвядоміць!