БЕНЕФІС ЮНАЦТВА І ПРЫГАЖОСЦІ

Официально

…Зала ўзрушанымі апладысментамі павітала 5 канкурсантак, якія выйшлі на сцэну ў самым пачатку мерапрыемства – прадставіцца. А больш канкрэтнае знаёмства з імі адбылося трохі пазней – падчас першага этапа конкурснай праграмы пад назвай “Візітная картка”. Хто ж вызваўся прэтэндаваць на гучнае “Міс Валожын-2011”? За першым нумарам ішла будучая настаўніца, а сёння студэнтка Іна Ганчарык, следам – прадстаўніца цэнтральнай раённай бальніцы Вера Бурая. Тры астатнія прыгажунькі – Святлана Станкевіч, Вольга Місуно і Ларыса Белановіч – выступалі ад вайсковай часці 30695.

У падобных мерапрыемствах поспех залежыць ад першага ўражання, якое пакідаеш гледачам. Дзяўчаты, вядома ж, пра гэта ведалі. Таму і стараліся паказаць сябе з найлепшага боку, прадэманстраваць артыстычныя таленты і адначасова  раскрыць перад залай свой унутраны свет. Гэта ў іх атрымалася ў поўнай меры. І ў паказах спартыўных касцюмаў, і падчас дэфіле ў прыгожых вячэрніх сукенках, і ў творчым конкурсе. На апошнім варта спыніцца асобна, таму што нумары ўдзельніц аказаліся сапраўды цікавымі і запамінальнымі. Ад кожнай – максімум таго, на што здольная, – такая была ўмова журы. Канкурсантка Іна выканала задушэўную прыгожую песню, замацаваўшы поспех удала падабранымі кадрамі мультымедыя. Вера ў вершаваных радках паведаміла прысутным пра самыя важныя моманты ў прафесіі ўрача, пра ўнутранае неадольнае імкненне гэтых людзей змагацца за здароўе, а часам – і за жыццё пацыентаў. Захапіла пластыкай танца моцную палову залы Вольга. А найбольшы поспех, несумненна, мелі нумары апошніх дзвюх удзельніц конкурснай праграмы. Тэатральныя міні-пастаноўкі – вось чым прываражылі гледачоў Ларыса і Святлана. Тэмы дзяўчаты абралі шчымлівыя, кранаючыя: пра расставанне з каханым-ваенным. Толькі калі дзяўчына, ролю якой выконвала Ларыса, пасля доўгага чакання ўрэшце пяшчотна абнялася са сваёй палавінкай на сцэне (чым выклікала хвалю авацый), то лёс гераіні Святланы і яе мужа – матроса-падводніка быў далёка не такі шчаслівы. Праўда, глыбокі трагізм страты дарагога чалавека ў канцы мініяцюры згладзіла светлая іскрынка-дачушка… Здавалася б, нейкіх 10 хвілін – а перад залай пранеслася цэлае жыццё з яго радасцямі і перажываннямі. Доўга не змаўкалі ўхвальныя апладысменты…

Перад тым, як падвесці вынікі, дадаткова ацэньваліся таксама і кулінарна-эстэтычныя здольнасці ўдзельніц: дзяўчаты пастараліся, каб прыгатаваныя імі на конкурс стравы выглядалі апетытна і незвычайна адначасова. У гэтым пераканаліся многія наведвальнікі РЦК, якія перад пачаткам мерапрыемства зазірнулі ў фае.

Калі надышла пара назваць пераможцу, журы паўстала перад нялёгкім выбарам. Кожная маладая прыгажуня магла з поўным правам прэтэндаваць на гэту ролю. Таму дыпломы і падарункі атрымалі… усе! Тытулы “Міс Абаянне” дастаўся Іне Ганчарык, “Міс Зачараванне” – Веры Бурай. “Міс Грацыяй” стала Вольга Місуно, “Міс Арыгінальнасцю” – Ларыса Белановіч. Галоўнае ж званне конкурсу – “Міс Валожын- 2011” – аднагалосна прысудзілі яркай і запамінальнай Святлане Станкевіч.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий