Прызванне – вучыць музыцы

Важное Общество

 

11 гадоў у Ракаўскай сярэдняй школе настаўнікам музыкі працуе Алена Мікалаеўна РУСЕЦКАЯ. За гэты час яна набралася практычнага вопыту, па-сапраўднаму палюбіла сваю справу і раскрылася як педагог. Вынікам самаадданай дзейнасці стала званне лаўрэата конкурсу “Настаўнік года Валожынскага раёна-2019”.

Алена Мікалаеўна нарадзілася ў Ракаве. Яна была апошнім дзявятым дзіцем у вялікай і дружнай сям’і. Трохі пазней бацькі ўзялі на выхаванне яшчэ трох прыёмных хлопчыкаў. Маці давялося папрацаваць у розных сферах, але зразумела, што большую частку жыцця яна аддала выхаванню сыноў і дачок. Бацька слыў у акрузе добрым печніком, многія аднавяскоўцы скарысталіся яго паслугамі.

Расці ў шматдзетнай сям’і было весела і цікава. Усе Русецкія маюць выдатны слых, валодаюць музычнымі інструментамі, цудоўна спяваюць. У свой час бацька нават спрабаваў стварыць сямейны ансамбль. Маці і тата іграюць на аматарскім узроўні: яна – на гітары, ён – на акардэоне, трубе і інш. Сямёра дзяцей вучыліся ў музычнай школе. Браты і сёстры аддалі перавагу балалайцы, цымбалам, фартэпіяна. Алена таксама закончыла Ракаўскую дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна. Гэта яе любімы інструмент, але заўсёды хацелася асвоіць скрыпку, цымбалы… На сённяшні дзень яна лёгка можа падабраць любую мелодыю на акардэоне.

У дзяцінстве, юнацтве наша гераіня вельмі цягнулася маляваць, наведвала заняткі Лізаветы Станіславаўны Пятроўскай. Гэта захапленне таксама перадалося ёй на генетычным узроўні, бо добра валодаюць алоўкам і пэндзалем бацька і адзін са старэйшых братоў. Яшчэ спрабавала Алена пісаць вершы, песні. Займаецца гэтым і цяпер. Большасць твораў мае духоўны змест, напэўна таму, што сям’я Русецкіх сапраўды веруючая. Алена Мікалаеўна сем гадоў працуе з хорам падлеткаў у школе Евангельскай царквы. У выкананні калектыву можна пачуць многія з яе песень. Хор карыстаецца папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў і не толькі – ужо два гады запар спявае галоўную песню на “Ракаўскім фэсце”.

Школьныя гады праляцелі хутка. Па падказцы адной са старэйшых сясцёр выпускніца паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на факультэт “Музыка і сацыяльная педагогіка”. Музыка яе захапляла заўсёды, а любоў да прафесіі прывілі такія настаўнікі, як Ірына Францаўна Уласава, Людміла Аляксееўна Барташэвіч, Сяргей Барысавіч Залуцкі. Алена вельмі ўдзячна гэтым людзям, якія пазней сталі яе калегамі і ўнеслі свой уклад у станаўленне маладога педагога.

Пасля таго, як атрымала вышэйшую адукацыю, год працавала выхавацелем у дзіцячым садку аграгарадка. Затым перайшла ў школу. Тут яна вядзе музыку і спевы ў пачатковых класах, з’яўляецца кіраўніком хору “Званочкі” для 1-2 класаў, а таксама калектываў “Карамелька” і “Элегія”. Маладая настаўніца гаворыць, што любіць працаваць з дзецьмі, на кожны ўрок прыдумвае для іх нейкую новую гісторыю, звязаную з музыкай і рознымі выхаваўчымі момантамі. Яна стараецца правільна будаваць свае адносіны з вучнямі, жыць іх жыццём, разумець і дапамагаць пераадольваць праблемы.

Песенныя калектывы, з якімі займаецца педагог, прымаюць удзел у школьных мерапрыемствах, конкурсах раённага і абласнога значэння, дзе дастойна паказваюць сябе. Алена Мікалаеўна стараецца падабраць для іх рэпертуар, які будзе прыгожа гучаць у выкананні вакальнага ансамбля, вучыць пець якасна, у некалькі галасоў.

У пачатку бягучага навучальнага года ў “Званочкі” прыйшло шмат новых маленькіх рабят. Настаўніца імкнецца далучаць іх да ўсіх мерапрыемстваў і конкурсаў, што адбываюцца ў школе, каб дзеці навучыліся адчуваць сцэну. Вынікі намаганняў відавочныя. Калектыў ужо добра паказаў сябе на канцэртах і фестывалі “Калядная зорка”, якія праходзілі на базе ўстановы адукацыі.

Дадаткова Алена Мікалаеўна Русецкая працуе яшчэ ў Ракаўскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе дае ўрокі ігры на фартэпіяна шасці вучням. Гэта таксама вельмі адказная і працаёмкая справа, бо да кожнага юнага музыканта трэба знайсці асабісты падыход і зацікавіць сваім інструментам.

Пры вялікай прафесійнай загружанасці вольнага часу застаецца мала, яго наша гераіня стараецца выкарыстоўваць з карысцю. Яна любіць спорт: займаецца аматарскім бегам. Асобнае месца ў жыцці Алена адводзіць кнігам, самай важнай з іх лічыць “Біблію”. Па некалькі разоў можа перачытваць біяграфіі вядомых людзей, філасофскія разважанні, што застаўляюць задумацца пра сэнс жыцця. Яна шануе ўзаемаадносіны з роднымі людзьмі, стараецца як мага часцей сустракацца з братамі і сёстрамі, з задавальненнем ходзіць да іх у госці, разам адпраўляюцца ў паездкі.

Алена Мікалаеўна гаворыць, што для настаўніка галоўнае – любіць дзяцей і абраную прафесію. Без гэтага, лічыць, няма асаблівага сэнсу ў рабоце педагога. Яна вучыць сваіх выхаванцаў радавацца і суперажываць, сябраваць і верыць ва ўласныя сілы, выбіраць верныя жыццёвыя рашэнні. Сапраўднай узнагародай за працу з’яўляюцца зацікаўленыя погляды вучняў і іх непадробнае жаданне вучыцца.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара