На працы – ратуе, дома – будуе…

Важное Общество

Начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15 у Сакаўшчыне Андрэй Анатольевіч БАШАРКЕВІЧ працуе ў сістэме МНС вось ужо амаль 25 гадоў. За сумленнае выкананне абавязкаў узнагароджаны нагруднымі знакамі “За бездакорную службу” 3-й ступені, “15 гадоў органам і падраздзяленням МНС” і іншымі прафесіянальнымі адзнакамі. Ён дабіўся ўсяго, што прадпісваецца выканаць сапраўднаму мужчыну: пасадзіў дрэва (і не адно, а цэлы сад), мае дарослага сына, а другога яшчэ гадуе, пабудаваў дом. Зараз мы маем магчымасць пазнаёміцца бліжэй з гэтым чалавекам.

– Андрэй Анатольевіч, зусім нядаўна мы адзначалі 75-годдзе Вялікай Перамогі. Якія традыцыі гэтага свята існуюць у Вашай сям’і?

– Ваяваў мой дзядуля Мікалай Мікалаевіч Жамоздзік, 1907 года нараджэння. Не стала яго ў 2003-м. Дзядуля заўсёды гаварыў, што Дзень Перамогі – самае вялікае свята. Любіў ён Каляды, Вялікдзень, калі дазвалялася весяліцца, жартаваць, смачна есці, згуляць у карты. А 9 Мая было святам асобым: сур’ёзным, урачыстым. Памятаю, у дзяцінстве мы, дзеці, з цікавасцю назіралі, як пажылыя вяскоўцы-ветэраны садзіліся ў аўтобус і ехалі ў Валожын на парад. Вечарам вярталіся ў Чартавічы з кветкамі, падарункамі. Дата 9 Мая – нагода ўспомніць з павагай тых, хто вынес ваеннае ліхалецце, аддаць пашану жывым сведкам.

 

– Кажуць, што лепш вучыцца на чужых памылках. Ці перанялі Вы нейкі жыццёвы вопыт ад бацькоў, дзядуляў, бабуль?  

– Не магу сказаць, каб хтосьці сядаў насупраць мяне і гаварыў: “Запомні, Андрэй, правіла…” Вучылі спраўляцца з касой, хадзіць за плугам. Адным словам, працаваць.

 

– Памятаеце, за што атрымалі свой першы заробак?

– Ну, першыя вартыя ўвагі грошы зарабіў у пачатку 90-х гадоў, калі Савецкі Саюз распаўся, але межаў паміж былымі братнімі рэспублікамі яшчэ не было. Ездзілі мы гандляваць прадуктамі ў Калінінград, Вільнюс, Санкт-Пецярбург. Даводзілася і рызыкаваць, і суткамі не спаць. Але ў юнацтве ўсё расцэньваецца, як цікавая прыгода. Нават сутычкі з пагранічнікамі ці мытнікамі больш весялілі, чым палохалі.

 

– А ў школе Вы былі паслухмяным вучнем?

– У выдатніках з прыкладнымі паводзінамі не значыўся, я – звычайны вясковы хлапчук: трохі ленаваўся, часам сваволіў. Але сваю Шчалканаўскую васьмігодку заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. І настаўнікаў: Аркадзія Фёдаравіча і Ванду Браніславаўну Трапашкаў, Софію Міхайлаўну Пасека, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Яна строгай была, дзеці яе баяліся, але прадмет ведалі. Я цяпер часам выпраўляю памылкі ў маладых калег і дзіўлюся, што яны не асвоілі элементарную школьную граматнасць.

 

– Раз загаварылі пра калектыў, то прызнайцеся, Вам пашанцавала з імі?

– Люблю і паважаю сваю работу, а таксама саслужыўцаў. На нашым пасту палова выратавальнікаў з вопытам, а палова – моладзь. Людзі ўсе адказныя, з заданнямі спраўляюцца, на іх можна разлічваць у самую цяжкую хвіліну.

 

– Для тых, хто звязаў свой лёс з сілавымі структурамі, вельмі важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця і быць заўсёды ў добрай фізічнай форме. Вы згодны?

– Гэтага хацелася б пажадаць усім людзям. Перакананы, што фізічная актыўнасць дае выдатны запал бадзёрасці, падымае настрой, з’яўляецца залогам здароўя і даўгалецця. Не абавязкова наведваць спартзалу, можна паехаць на дачу, навесці парадак каля дома, насячы дроў. Ніколі не курыў, алкаголем не злоўжываю. Зараз, калі склалася складаная эпідэміялагічная абстаноўка, трэба слухацца ўрачоў і выконваць іх рэкамендацыі.

 

– Закранём пытанні адпачынку і вольнага часу. Раскажыце, чым займаецеся пасля работы?

– Разам са старэйшым сынам Іванам заканчваем рэканструкцыю бацькоўскай хаты ў Чартавічах. Атрымліваецца нядрэнна. Спецыяльна ездзіў у Літву, Польшчу, каб паглядзець на іх дамы і быць, як гаворыцца, у трэндзе. Надбудавалі другі паверх, узвялі веранду. Усё рабілі самі, не наймалі нікога. Абапал участка пасадзілі 30 туй, каб з часам атрымалася зялёная агароджа. Аднавілі фруктовы сад. Плануем “пасяліць” тут, у вясковым асяроддзі, гарадскія ўмовы (гарачую ваду, каналізацыю, пральную машыну-аўтамат).

 

– За мяжу і ў падарожжы часта выпраўляецеся?

– Не часта, але кожны год стараемся ўсёй сям’ёй некуды з’ездзіць. Летась, напрыклад, пабывалі ў Тунісе. Вельмі спадабалася, марым паўтарыць такі адпачынак.

 

– Мяркую, гэта мара не самая вялікая. Што хацелі б атрымаць ад жыцця, каб адчуваць сябе шчаслівым?

– Усё вельмі проста – хачу жыць хораша, заможна, каб жонка радавалася і дзеці ні ў чым не мелі адказу. Разумею – само гэта не ўтворыцца, а багатага “дзядзечкі”, які пакінуў бы спадчыну, не маю. Для ажыццяўлення мары працую. Як умею, наколькі хапае сіл.

 

– Вы хутка прымаеце рашэнне ці бераце час на абдумванне?

– Імпульсіўнасць не ў маім характары. Я звычайна доўга вагаюся, пакуль прыму нейкае рашэнне. Прыказку “Сем разоў адмерай, а адзін раз адрэж” лічу самай практычнай.

 

– Людзі дзеляцца на тых, хто любіць атрымліваць падарунак, і тых, хто любіць дарыць. Вы да каго адносіцеся?

– У залежнасці ад абставін. Ніколі не забываю падарыць жонцы кветкі на 8 Сакавіка ці Дзень Св. Валянціна. Не пакрыўджуся, калі мая Валянціна Валер’еўна патраціць палову зарплаты на абноўку. А самы лепшы падарунак я атрымаў ад жонкі – дваіх сыноў. Што можа больш парадаваць? 

 

– Якіх метадаў выхавання ў сям’і прытрымліваецеся?

– Метад “любі дзіця, як душу, і калаці, як грушу” мае права на існаванне. Хоць і ведаю, што многія пачнуць спрачацца: “Дзяцей біць нельга! Трэба толькі ласкай і словам выхоўваць!” Ад бацькоў патрабуецца строгасць, разумнасць, адэкватнасць – гэта тры кіты, на якіх будуецца ўся педагогіка. Мы з жонкай заўсёды правяралі, як дзеці рыхтуюць урокі. Стараемся трымаць з настаўнікамі цесны кантакт.

 

– Адзіноту Вы лёгка пераносіце?

– Такое пытанне Вы часта задаяце сваім суразмоўцам. Для мяне яно – сапраўдны экстрым. Я не ўяўляю сябе на бязлюдным востраве, не магу доўга заставацца адзін і не ўгадаю, што патрабуецца чалавеку, каб не сумаваць у ізаляцыі. Мне трэба кампанія, блізкія і любімыя людзі, сябры. Ні Інтэрнэт, ні кнігі іх не заменяць.

 

– Закончыце фразу: вось выйду на пенсію і буду…

– Працаваць. Да пенсіі мне засталося менш за год. Ціхім пенсіянерам на лавачцы я сябе не ўяўляю. Не імкнуся аддацца цалкам агароду ці вырошчванню гусей. Захапляцца нейкім хобі можна ў дзяцінстве ці юнацтве. А дарослы чалавек, які млее ад радасці, што вырасціў самыя вялікія гарбузы ці злавіў сёння рыбы больш, чым учора, выглядае трохі дзіваком.

 

– А ці наганяюць на Вас сум справы кухонныя? Напрыклад, паехала жонка ў камандзіроўку, а супу дзецям не наварыла. Што будзеце рабіць?

– Гатаваць умею. І галоднымі дзеці не застануцца. Нават калі ў магазінах акажацца пуста, то буду лавіць рыбу, збіраць грыбы і ягады. Праўда, зараз дароў прыроды не такі выбар, як было калісьці. Шчупакоў і ментузоў мы, дзеці, лавілі сеткамі па канавах.

 

– Якія людскія заганы лічыце самымі дрэннымі?

– Зайздрасць. Іншы раз чалавек ніколі не прызнаецца, што гультай ці няўмека, але затое крытыкуе несправядлівасць на гэтым свеце. Маўляў, адным – усё, а яму – нічога. Ад зайздрасці рашаюцца і на подласць, і на злачынствы.

 

– Хапае людзей, якія і зараз у ХХI стагоддзі вераць у рэальнасць розных містычных з’яў. А як Вы ставіцеся да варажбы, забабонаў?

– Веру толькі тым фактам, якія сам бачыў. Я практык, не містык. Як выратавальнік, ніколі не пагаджуся, што ад пажару можа ўратаваць нейкі амулет. Трэба прытрымлівацца правіл пажарнай бяспекі: сычыць за электраправодкай, своечасова чысціць дымаходы, не даваць дзецям забаўляцца з запалкамі. І тады ваш дом будзе абаронены ад бяды…

 

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА