Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Людміла Еўдакімаўна Лапанік

Культура

Са святам абаронцаў Айчыны віншуюць не толькі прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. У гады ліхалецця жанчыны ішлі ў бой нараўне з мужчынамі і праявілі не менш мужнасці і гераізму.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Людміла Еўдакімаўна ЛАПАНІК – часты і любімы госць у Багданаўскай сярэдняй школе. Тут кожны вучань ведае, што ў маладосці яна была сержантам стралковай Чырванасцяжнай ордэна Суворава 283-яй дывізіі, з якой дайшла аж да Берліна, сустрэла там Перамогу. У вайну шэсць разоў атрымлівала падзякі ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
“Нялёгка ўспамінаць і расказваць юным пра ўсе тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю майго пакалення, перажываць усё наноў, – гаворыць Людміла Еўдакімаўна. – Але хто, як не ветэран, паведае маладым, як трэба берагчы мір, любіць жыццё і Радзіму. Мы былі мужнымі і стойкімі, загартаванымі настолькі, што развучыліся плакаць. Дабро мацнейшае за зло, таму, напэўна, і не магчыма стрымаць слёзы радасці. Якім шчаслівым хваляваннем напаўняецца сэрца, калі бачу, што да майго парога падыходзяць настаўнікі і вучні Багданаўскай школы. Тады бягу, як магу, каб хутчэй адкрыць ім дзверы. Яны ж, пабачыўшы, што я плачу, суцяшаюць, гавораць, што прынеслі падарункі і будуць дапамагаць па дому…»
Не забыліся багданаўскія школьнікі павіншаваць Людмілу Еўдакімаўну Лапанік, адзінага ветэрана вайны ў пасёлку, з сённяшнім святам…

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий