Адслужыў, як трэба, і… дамоў!

Главное Общество

Дзень 21 мая 2020 года Дзмітрый КРАСНАЎЦАЎ запомніць на ўсё жыццё: з армейскага строю ён вяртаецца ў родныя мясціны. Родам юнак з Магілёва, да прызыву скончыў Аршанскі медыцынскі каледж і паспеў папрацаваць памочнікам урача хуткай дапамогі. Служыў годна і адказна, за паўтара года некалькі разоў атрымліваў заахвочванне ад камандавання Валожынскай воінскай часці № 30695 на трохдзённую пабыўку дадому, ездзіў і ў падоўжаны водпуск на 19 дзён.

Каб сустрэць адзінага сына, бацькі Уладзімір Валер’евіч і Наталля Аляксандраўна выехалі ў 4 гадзіны раніцы і а восьмай стаялі ўжо ля КПП з верным сябрам Локі і каляровымі надзіманымі шарамі. Для ўсёй іх сям’і вяртанне Дзмітрыя пасля службы ў арміі – вялікая падзея і ўрачыстасць.

…Час чакання да сустрэчы перапоўнены эмоцыямі: бацька стараецца стрымлівацца, хаця бачны ўнутранае напружанне і неспакой, а вось маці хвалюецца і ціхенька шэпча: “Хаця б не расплакацца”, і міжволі на яе вачах выступаюць слязінкі радасці. “Сын у нас золата, – кажа яна. – Мы перажывалі, але служылася яму добра. За паўтара года стаў больш дарослым, памужнеў, і сёння вельмі рады, што ён з гонарам выканаў свой грамадзянскі абавязак”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Віталя МЫШЛЁНА