Чарговая перамога Антона

Главное Молодежный курьер

Вучань 11 класа гімназіі № 1 г. Валожына Антон ВІРШЫЧ у чарговы раз прыняў удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Чатыры дні “Вучань года Мінскай вобласці-2019” правёў у Магілёве, дзе праходзілі спаборніцтвы па “Працоўным навучанні”. У выніку скарбонка ўзнагарод юнака папоўнілася яшчэ адным Дыпломам III ступені.

Напомнім, што дзякуючы падобнай перамозе ў мінулым годзе ён трапіў у лік стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета на рэспубліканскі этап алімпіяды былі запрошаны толькі адзінаццацікласнікі, што стварыла больш жорсткую канкурэнцыю сярод гэтых таленавітых школьнікаў з усёй Беларусі. Паколькі звычайна ў секцыі па “Працоўным навучанні” бралі ўдзел 35 хлопчыкаў, а ўзнагарод выдзялялася 17, то прадстаўнікі выпускнога класа мелі больш шанцаў атрымаць дыплом. На гэты ж раз для 16 юнакоў, а яны ўсе – самыя моцныя па сваім кірунку ў рэспубліцы, вызначылі 7 дыпломаў.

11 мая рабяты прыбылі ў Магілёў. На другі дзень іх размеркавалі па школах, дзе праходзіў практычны тур алімпіяды. Там ужо кожнага чакалі неабходны інструмент і нарыхтоўкі. У якасці задання школьнікі атрымалі чарцяжы будучага вырабу. Ім прапаноўвалася сувенірная работа, прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На працягу 4 гадзін кожны ўдзельнік шчыра працаваў, каб дасягнуць найлепшага выніку. Антон гаворыць, што ў яго атрымалася нядрэнна, але ён чакаў ад сябе лепшага выніку. З-за хвалявання і жадання паспець зрабіць усё своечасова, не хапіла ўважлівасці і дасканаласці.

Назаўтра распачалася тэарэтычная частка. У яе ўвайшлі тэст з 20 пытанняў, на кожнае з якіх неабходна было выбраць правільны адказ з пяці вырыянтаў, 5 разліковых задач, дзе патрабавалася прымяніць формулы, праявіць логіку, выканаць вылічальныя разлікі, і 5 заданняў канструктарскага тыпу. У апошніх вельмі дарэчы прыйшліся навыкі па чарчэнні, бо прапаноўвалася нешта распрацаваць, прадставіць, намаляваць, стварыць. У другім туры гімназіст з Валожына паказаў глыбокія веды і набраў вельмі высокі бал. Антон Віршыч паказаў другі вынік сярод усіх удзельнікаў.

Зразумела, кожная перамога, да таго ж рэспубліканскага ўзроўню, патрабуе пастаяннай сур’ёзнай падрыхтоўкі. Нязменна з гімназістам займаўся любімы педагог – Аляксандр Антонавіч Кербедзь. Між іншым, на гэты раз ён, у сувязі з тым, што на сваім ліку мае шмат выдатных вынікаў вучняў, быў прызначаны кіраўніком каманды Мінскай вобласці. Гэта акалічнасць яшчэ больш натхніла юнака на поспех. Ён адчуваў падтрымку настаўніка на працягу ўсіх спаборніцтваў.

Антон вельмі ўдзячны Аляксандру Антонавічу, які шмат гадоў займаўся з ім, дапамагаў пераадольваць цяжкасці, развіваў, матываваў да заняткаў па працоўным навучанні, і атрыманыя навыкі абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Наперадзе ў Антона Віршыча экзамены і ЦТ. Пажадаем яму поспехаў на абодвух важных этапах, а таксама дасягнуць сваёй мары – паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і атрымаць спецыяльнасць інжынера-праграміста.

Анжэла РАДЫНА