АДКРЫЛАСЯ МЕМАРЫЯЛЬНАЯ ДОШКА Ў ГОНАР КЛАСІКА

Общество

Імя пісьменніка У. С. Караткевіча вядома далёка за межамі Беларусі. Натхненне і матывы для сваіх твораў ураджэнец Аршаншчыны знаходзіў у розных куточках краіны. Ёсць такое месца і на Валожыншчыне.

У мінулую нядзелю ў Ракаве адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар класіка. Ініцыятарам стаў даўні сябар Уладзіміра Сямёнавіча, наш зямляк, прафесар, доктар філалагічных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Вячаслаў Рагойша.

“Гэты дом часта па-сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч” – гучыць надпіс на шыльдзе, якая з нядзелі афіцыйна ўпрыгожвае фасад ракаўскай сядзібы В. П. Рагойшы. Тут сабраліся не толькі ракаўчане, але і шматлікія госці, сярод якіх былі пляменніца Караткевіча Алена Сінькевіч, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па культуры і мастацтву пры Савеце Міністраў Анатоль Бутэвіч, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, вядомы беларускі скульптар, народны мастак Іван Міско (аўтар мемарыяльнай дошкі), вядомыя паэты Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Таццяна Сівец, пісьменніца Людміла Рублеўская і многія іншыя. Ва ўрачыстай атмасферы выступоўцы дзяліліся ўспамінамі пра класіка, а пасля гаспадар сядзібы расказаў пра іх першую сустрэчу з Караткевічам, якая паклала пачатак доўгаму трываламу сяброўству…

Пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі свята працягнулася на сцэне Ракаўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Гучалі вершы ў выкананні ўдзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК, песні гледачам падарылі народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец”. Парадавалі выступленнем юныя ракаўчане.

Напэўна, многім чытачам хацелася б даведацца больш пра стасункі, што склаліся ва Уладзіміра Караткевіча з Ракавам. Пра гэта раскажа В. П. Рагойша ў сваім аўтарскім матэрыяле, які мы надрукуем у бліжэйшых нумарах газеты.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий