НЕ СЦЕРЦІ З ПАМЯЦІ КРЫНІЦ ПРАНІЗЛІВА-ГАРКАВЫ СМАК ВАЙНЫ

Культура

…Залаты лістападаўскі лес зіхацеў вечаровымі фарбамі. Але яны зусім не радавалі вочы амаль 800 чалавек, што ціха і асцярожна прабіраліся праз густы хмызняк. Іх думкі былі далёка – па той бок фронту, куды яны і накіроўваліся. Маўклівую, пранізлівую цішыню восені парушалі толькі вецер у вершалінах, ціхі трэск сукоў пад нагамі і цяжкае дыханне змораных і спалоханых людзей…

Члены партызанскай брыгады імя Калініна, якая ў 1942 годзе дзейнічала на Віцебшчыне, атрымалі ад камандавання чарговае заданне: суправадзіць за лінію фронту маладых мабілізаваных салдат і 600 яўрэяў, якім пашчасціла ўратавацца ад маруднай смерці ў лапах лагерных фашысцкіх катаў. Частка шляху прайшла без інцыдэнтаў. Затое першы канфлікт з варожымі сіламі стаў і самым трагічным адначасова. Калі ў прыцемках прабіраліся каля нямецкіх дазорных вышак з кулямётчыкамі, адзін стары яўрэй выпадкова зачапіў нагой расцягнуты над самай зямлёй сігнальны дрот. Фашысты, развярнуўшы дулы ў бок падазронага шуму, адразу ж адкрылі агонь. Партызан выратавала баявая вывучка, страцілі сваіх нямнога. А вось няшчасных грамадзянскіх палягло пад сотню. Паміралі яны моўчкі, бо разумелі: калі ворагі пачуюць выпадковыя стогны, не ўратуецца ніхто…

Пра гэты выпадак з франтавога жыцця расказаў непасрэдны сведка – ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Івянца Леанід Аляксандравіч Іванькоў. 25 гадоў, 6 месяцаў і 22 дні – столькі часу праслужыў ва Узброеных Сілах мой субяседнік. Ураджэнец вёскі Гарбачэва пайшоў у партызаны 15 чэрвеня 1942 года разам з дваюрадным братам. Пасля пераходу за лінію фронту прайшлі курсы падрыўнікоў, вярнуўшыся на Віцебшчыну, сталі займацца дыверсіямі. Дзякуючы гэтым людзям, фашысты ў вайну страцілі эшалон з боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай, не рэалізавалі многія чорныя планы з-за падарваных чыгуначных і пераезных мастоў.

У 1943 годзе Леанід Аляксандравіч перайшоў на службу ў войскі НКУС, быў адным з рэалізатараў аперацыі “Баграціён”. З заканчэннем Вялікай Айчыннай вайна для ветэрана-франтавіка не закончылася. У складзе войскаў КДБ з 1945-га змагаўся з узброеным падполлем у Літве. Там, як прызнаецца, і трымаў найбольш цяжкія, небяспечныя баі. Так доўжылася 10 гадоў, пакуль не трапіў пад скарачэнне. Леанід Аляксандравіч, прыроджаны стратэг і тактык з вялізным баявым вопытам, працягнуў службу ў войсках Сярэднеазіяцкай пагранічнай акругі – спачатку памочнікам, а потым і начальнікам заставы.

Калі надышла пара звальняцца ў запас, капітан Іванькоў вырашыў вярнуцца ў родны Івянец. Працаваў дырэктарам мясцовага кінатэатра, а затым, як надарылася магчымасць, перайшоў у мясцовую школу выкладчыкам дапрызыўнай падрыхтоўкі, да 2002 года ўзначальваў Савет ветэранаў Івянца. Сёння Леанід Аляксандравіч, хоць і стаў слабейшы на ногі, ды і зрок ужо не той, захоўвае крыштальную яснасць розуму, памятае кожную дату свайго няпростага, але дастойна пражытага жыцця. З затоеным гонарам расказвае пра траіх сыноў, што дапамагаюць бацьку ва ўсім, не пакідаюць яго сам-насам са старасцю.

“Кожны раз, калі набліжаецца Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, я аддаюся ўспамінам, – кажа ветэран. – Не забыць, якой цаной даставалася свабода. Таму кожны з майго пакалення ўспрымае свята трохі іначай, чым вы. Бывае, і са слязамі – гэта слёзы шчырыя, нявымушаныя. Як даніна памяці тым, хто ўмацоўваў трывалыя сцены незалежнасці сваім жыццём”.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий