Падтрымалі медыкаў раёна

Безопасность и здоровье Главное

У мінулую суботу на пляцоўцы каля РЦК адбыўся дабрачынны канцэрт «Валожын без Сovid» у падтрымку медыкаў раёна, ініцыятарам якога выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел добра вядомыя і любімыя валожынцамі вакалісты раённага Цэнтра культуры Алена Санюковіч, Вольга Дзедуль, Ірына Зянько, Таццяна Луганская, Дзмітрый Завацкі, а таксама папулярны народны гурт народнай песні «Сваякі».

Артысты, што падымаліся на імправізаваную сцэну ў той сонечны майскі дзень, прысвячалі свае выступленні людзям у белых халатах. Гэта тэма чырвонай ніткай праходзіла праз увесь канцэрт. Вядучы праграмы Уладзімір Ціханоўскі перад кожным новым нумарам заклікаў прахожых далучыцца да акцыі, падтрымаць медыкаў. Работнікі раённага Цэнтра культуры на чале са сваім дырэктарам Аленай Конаўка прапаноўвалі валожынцам лістоўкі з нумарам дабрачыннага рахунка для забеспячэння медыцынскіх работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны (BY50AKBB36420605009686000000 у ЦБП № 605 ААТ Беларусбанк, БІК AKBBBY2X), а таксама памяткі па прафілактыцы інфекцыйных і вострых рэспіраторных захворванняў. Іх можна было і самастойна ўзяць на спецыяльна абсталяваным століку.

Падчас дабрачыннай акцыі працавала выстава-продаж народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”. Яго кіраўнік Наталія Кліменак з радасцю дзялілася інфармацыяй пра прадстаўленыя вырабы і іх аўтараў.
Мілагучныя песні задавалі тон канцэрту. Ва ўсім, што адбывалася, адчувалася гармонія. Кожнае выступленне было пранізана шчырасцю, адкрытасцю і харызмай. Выканаўцаў аб’ядноўвала агульная мэта – несці дабро. Валожынцы мелі выдатную магчымасць не толькі правесці час з цудоўнымі артыстамі нашага горада, але і зрабіць добрую справу.

Ніхто з праходзячых міма не застаўся раўнадушным. Акцыя стала чарговай нагодай працягнуць руку дапамогі тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. Падтрымаць медыцынскіх работнікаў матэрыяльна вырашылі многія жыхары райцэнтра. Прыемна было бачыць столькі чулых і спагадлівых людзей.

Мерапрыемства яшчэ раз пацвердзіла ісціну: якім бы складаным ні было жыццё, дабрыня вакол нас будзе існаваць заўсёды, разам мы можам зрабіць многае.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара