СЛОВА ПРА НАСТАЎНІКА…

Люди и судьбы

У культурным жыцці нашага раёна значны след пакінуў Пётр Іванавіч БІТЭЛЬ, які амаль усё сваё жыццё пражыў у Вішневе. Паэт. Перакладчык. Літаратуразнавец. Грамадскі дзеяч. Да ўсіх гэтых характарыстык можна дадаць і такую не менш значную: ён быў актыўным удзельнікам літаратурнага аб’яднання “Рунь”, якое існавала пры нашай раённай газеце.

Многія валожынцы і сёння з глыбокай удзячнасцю ўспамінаюць гэтага высокаадукаванага, інтэлігентнага, сціплага чалавека. Нарадзіўся ён 19 чэрвеня 1912 года ў Воранаўскім раёне, пахаваны ў Вішневе.

…Прайшло колькі часу, і я даведаўся, што Пятра Іванавіча Бітэля арыштавалі, судзілі, і ён адбывае пакаранне ў сталінскіх лагерах. Калі ставіць пытанне, за што пакаралі чалавека, то ў гэтым няма ніякага сэнсу, бо тады людзей арыштоўвалі, судзілі ні за што. Пасля смерці Сталіна прыйшоў час, калі зняволеных пачалі з лагераў адпускаць і рэабілітоўваць. Пятра Іванавіча таксама адпусцілі.

У час зняволення ён пераклаў на беларускую мову твор Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Пазней ён расказваў, у якіх цяжкіх умовах прыходзілася рабіць пераклад. Перш за ўсё патрабавалася папера, выкарыстоўваў для гэтай мэты мяхі ад цэменту. Таварышы хавалі Пятра Іванавіча ў зацішны куток, дзе ляжалі будматэрыялы, там ён і працаваў над перакладам. Усёй брыгадай рабочыя выконвалі яго норму, а затое вечарамі ён чытаў ім часткі твора А. Міцкевіча на беларускай мове, якія з захапленнем слухала ўся брыгада.

Сустрэцца з Пятром Іванавічам Бітэлем пасля вяртання яго з лагера мне давялося толькі ў 1965 годзе. Тады я працаваў інспектарам Валожынскага РАНА, былі частыя паездкі па школах раёна. Калі надаралася магчымасць, стараўся не абмінуць Вішнеўскую СШ, дзе Пётр Іванавіч настаўнічаў.

У час адной з сустрэч я спытаў Пятра Іванавіча, як прайшоў працэс уладкавання на настаўніцкую працу. Ён сказаў, што давялося пераадольваць розныя перашкоды. Дапамагло заступніцтва паэта Максіма Танка. З Мінска пазванілі з нейкай высокай установы з катэгарычным патрабаваннем неадкладна ўладкаваць П. І. Бітэля на працу. Але тыя незычліўцы хоць і супакоіліся, але затаіліся ў сваёй дзікай злосці, каб зрэдку, хоць па дробязях, шкодзіць.

Вядома, што Пётр Іванавіч у даваенны час скончыў настаўніцкую семінарыю ў Барунах і двухгадовыя вышэйшыя курсы ў Вільні, якія павінны былі прыраўноўвацца да педагагічнага інстытута. Але чыноўнікі ад асветы курсы гэтыя не прызналі. Бухгалтэрыя, праводзячы тарыфікацыю, налічвала заработную плату Пятру Іванавічу па сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тады Пётр Іванавіч паступіў на завочнае аддзяленне Мінскага педінстытута. Вучыцца яму не было цяжка, бо, акрамя роднай мовы, добра валодаў польскай, рускай і нямецкай. Расказваў, як на практычных занятках па стараславянскай мове выкладчыцы было складана зрабіць пераклад. Тады Пётр Іванавіч прапанаваў сваю дапамогу. Яна ахвотна згадзілася і пасля была вельмі ўдзячна. А калі скончыўся курс выкладання замежнай мовы (нямецкай), выкладчыца напомніла студэнтам, каб добра падрыхтаваліся да заліку. Пётр Іванавіч спытаў у яе, калі ж можна будзе здаваць гэты залік. Спытаў па-нямецку, дык выкладчыца адказала яму таксама па-нямецку: “Нясіце вашу заліковую кніжку, я вам пастаўлю залік”…

Вучачыся ў педінстытуце, Пётр Іванавіч паступіў яшчэ і ў Маскоўскі інстытут замежных моў. У тым жа годзе, як здаў дзяржаўныя экзамены ў Мінскім педінстытуце, адразу ж паехаў у Маскву і здаў экзамен па нямецкай мове. Такім чынам, можна сказаць, адначасова Пётр Іванавіч атрымаў два дыпломы.

Пасля выхаду на пенсію Пётр Іванавіч меў больш вольнага часу, каб займацца літаратурнай працай, але здароўе стала пагаршацца. Ведучы размову аб перажытых цяжкіх ваенных і пасляваенных гадах, ён узгадваў некаторыя падзеі і здарэнні свайго жыцця. Расказваючы пра вайну 1939 года, нагадаў, здавалася б, нязначны выпадак, які паўплываў на яго лёс…

Польская армія, аказваючы супраціўленне, паступова адступала. У сярэдзіне верасня здараліся ўжо даволі халодныя ночы, а ў Пятра Іванавіча не было адмысловага афіцэрскага шыняля (ён жа быў афіцэрам рэзерву). У адступаючым абозе на вайсковых фурманках было навалена шмат амуніцыі, у тым ліку і салдацкія шынялі. Пётр Іванавіч, каб было цяплей, апрануў на сябе звычайны салдацкі шынель. Калі ж польскія салдаты трапілі ў палон, вайскоўцаў сталі раздзяляць на дзве групы: салдат у адну групу, а афіцэраў і падафіцэраў – у іншую. Праз некаторы час  салдат адпусцілі дадому, а вайскоўцаў з другой групы (афіцэраў і падафіцэраў) сустрэў страшны лёс. Іх расстралялі ў Катыні. Такім чынам, Пётр Іванавіч, дзякуючы салдацкаму шынялю, змог вярнуцца дамоў жывым.

Неяк аднойчы ў размове з Пятром Іванавічам я сказаў, што ён мог бы пазбегнуць сталінскага ГУЛАГа, каб не вяртаўся на Беларусь. Ён пагадзіўся з гэтым меркаваннем і расказаў, што, едучы пасля дэмабілізацыі дамоў, затрымаўся на некаторы час у Варшаве. Там ён наведаў якісьці штаб Польскага войска, каб атрымаць інфармацыю. Штабісты ахвотна патлумачылі яму, што калі ён аформіцца служыць у Польскім войску, дык яму адразу прысвояць званне маёра. Але Пётр Іванавіч на гэта не рашыўся, не толькі таму, што асаблівай цягі да вайсковай службы ў яго не было, але і таму, што ён педагог і хацеў працаваць у школе ў Беларусі. Свае паэтычныя здольнасці і імкненні ён не змог бы рэалізаваць поўна, калі б застаўся ў іншай краіне, у небеларускім асяроддзі. Яму цяжка было б змагацца з настальгіяй па роднай Беларусі. Акрамя таго, Пётр Іванавіч не лічыў сябе вінаватым перад савецкай уладай. Сапраўды, ці ж можна лічыць чалавека вінаватым за тое, што ён працаваў настаўнікам?!

Апошні раз я сустрэўся з Пятром Іванавічам у Вішневе падчас перазахавання урны з прахам Канстанцыі Буйло на Вішнеўскіх могілках.

Я прывітаўся і спытаў пра здароўе. Пётр Іванавіч адчуваў сябе тады, напэўна, нядрэнна, бо быў вясёлы і схільны да жартаў. Ён сказаў, што сапраўды быў цяжка хворы і дабавіў, усміхаючыся: “Але вырашыў яшчэ крыху пажыць”.

Прайшло колькі часу пасля гэтай падзеі, і я даведаўся, што Пётр Іванавіч пераехаў з Вішнева ў Маладзечна. Не магу сказаць, колькі пражыў Пётр Іванавіч у Маладзечне, але аб яго смерці я даведаўся літаральна на наступны дзень пасля яго пахавання. Гэта было ў Мінску. Я сустрэў ля ўваходу на станцыю метро “Кастрычніцкая” М. Ермаловіча, які мне і паведаміў: “Учора пахавалі Пятра Іванавіча Бітэля на Вішнеўскіх могілках”. Пасля гэтага засталося толькі з’ездзіць на магілу настаўніка, што ў хуткім часе я і зрабіў…

Васіль ГАРБАЧЭЎСКІ, ветэран педагагічнай справы, жыхар горада Валожына



Добавить комментарий