Майская трава і галоднага пракорміць

Аграрный сектор и промышленность Главное

Гаспадаркі раёна актыўна прыступілі да ўборкі траў першым укосам. Па стане на 27 мая 2020 года, скошаны 559 гектараў сенажацяў, закладзены 916 тон сенажу. На нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны 12 касілак.

Самымі першымі ў раёне касавіцу-2020 распачалі працаўнікі СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”: 20 мая яны прыступілі да закладкі сянажнай траншэі. Пажыўны корм складаецца са шматгадовых і злакавых траў, канюшыны, люцэрны. На гэтым тыдні да іх далучылася КСУП “Пяршаі-2014”, а ААТ “Агра-Дубінское”, “Лоск”, “Суднікаўскі” і “Багданаўскае” запакоўваюць корм у стрэйч-плёнку. Касьбой траў займаюцца ўсе гаспадаркі.

Агульная плошча сельгасугоддзяў па раёне, з якіх будзе нарыхтоўвацца зялёны корм, – амаль 14 тысяч гектараў. Палову гэтых зямель займаюць бабовыя культуры, 6,5 тысячы гектараў адведзены пад злакавыя і 980 складаюць бабова-злакавыя травасумесі.

Як адзначыла першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Алена Сак, травастой вырас нізкапрадукцыйны – на развіццё культур паўплывала халоднае надвор’е, асабліва начныя замаразкі. Папоўніць запас кармоў аграрыі спадзяюцца травамі з 2-га і 3-га ўкосаў, а таксама за кошт зернесенажу.

Штогод у раёне распрацоўваецца спецыяльная праграма “Кармы”. Згодна з арганізацыйна-тэхналагічнымі мерапрыемствамі па яе выкананні, сёлета гаспадаркам неабходна нарыхтаваць 12700 тон сена, 144365 тон сенажу, 135700 тон сіласу і больш за 18165 тон зернефуражу, у тым ліку 18 тысяч – у палімернай упакоўцы. Гэта дазволіць мець у разліку на адну галаву жывёлы па 29,6 цэнтнера кармавых адзінак.

Алена ЗАЛЕСКАЯ