Сям’ю яднае мудрасць кніг

Главное Общество

 Выхаваць у дзіцяці любоў да чытання – у гэтым бачаць сваю асноўную мэту супрацоўнікі Валожынскай дзіцячай бібліятэкі. Іх радуе, калі хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюцца сюды з мамамі і татамі, бабулямі і дзядулямі, разам выбіраюць, а затым чытаюць кнігу.

Сумеснае правядзенне часу збліжае малых і дарослых, выхоўвае нават больш, чым прамое павучальнае слова. Добра вядома, што сям’я заўсёды была і застаецца першым і галоўным пасрэднікам паміж кнігай і дзіцем, бо менавіта тут фарміруецца цікавасць да друкаваных выданняў, выхоўваецца чытацкі густ. Назаўжды застануцца ў памяці рабят казкі, апавяданні, якія пачулі ў дзяцінстве.

Прыемна, што ў Валожыне шмат сем’яў, якія надаюць вялікую ўвагу кнігам, разам наведваюцца ў дзіцячую бібліятэку. Найбольш частымі гасцямі тут бываюць Таццяна Кобзарава са сваімі дачушкамі Юляй і Кацярынай, сынам Паўлам, Вольга, Дар’я і Ганна Уласенкі, Наталля, Надзея і Леў Каляда. У мінулыя гады летам, калі ў райцэнтр да бабуль і дзядуляў прыязджалі ўнукі з розных куточкаў Беларусі і іншых краін, колькасць юных чытачоў павялічвалася. Так Руслан Барцэвіч з Масквы кожны год наведваўся ў госці да бабулі Алы, якая і прывяла малога ў храм мудрасці, пазнання і дабрыні, прывучыла да чытання.

Супрацоўнікаў бібліятэкі і сем’і аб’ядноўвае не толькі любоў да кнігі, але і сяброўства, прыхільнасць. Тут добра ведаюць запыты кожнага і заўсёды імкнуцца парадаваць цікавым творам, часопіснай публікацыяй, доўгачаканай навінкай.

Сумеснае чытанне мае вельмі важнае, дабратворнае значэнне ў сямейным выхаванні. Бо менавіта ад сваіх родных малыя атрымліваюць асновы ведаў аб навакольным свеце, уяўленне пра дабро і зло, прыстойнасць, паважлівае стаўленне да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Сям’я для дзіцяці з’яўляецца першай школай адносін з людзьмі, дзе рабяты набываюць пэўны жыццёвы вопыт, які захоўваецца ў памяці назаўсёды. Няхай жа ён нагадвае пра прыемныя зносіны з самымі блізкімі людзьмі і радасць пазнання любімай кніжкі.

Да Дня сям’і ў дзіцячай бібліятэцы была падрыхтавана і працуе выстава: «Сям’я – гэта дом. Сям’я – гэта свет». Тут прадстаўлены творы для дзяцей і дарослых. Яны распавядаюць пра чалавечыя якасці, якія заўсёды запатрабаваны: дабрыню і любоў да бліжняга, спагаду і бескарыслівасць, самаадданасць і чалавекалюбства. З дапамогай кніг, што размясціліся на экспазіцыі, наведвальнікі могуць знайсці адказы на такія няпростыя жыццёвыя пытанні, як «Што такое каханне?», «Як супрацьстаяць няшчасцям і нягодам?», «Як знайсці агульную мову з падлеткам?», «Як зберагчы сям’ю?» і інш.

Фатаграфіі з сямейных архіваў чытачоў удала дапаўняюць выставу і яшчэ раз падкрэсліваюць: сямейныя адносіны мацуюцца ўдзячнай памяццю пра продкаў, і маладому пакаленню неабходна як мага больш ведаць пра свае вытокі і карані.

Наш кар.