Каб тытунь жыццё не атручваў

Безопасность и здоровье

Сусветны дзень без тытуню адзначаецца Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя 31 мая. Ён праводзіцца на фоне цэлага шэрагу глабальных ініцыятыў і мерапрыемстваў, што скіраваны на барацьбу з табакакурэннем, якое кожны год становіцца прычынай смерці мільёнаў людзей у розных краінах свету.

Тытунёвыя вырабы – гэта прадукты для курэння. Для іх вытворчасці выкарыстоўваюцца сырыя лісты тытуню. У склад уваходзіць нікацін – псіхатропны кампанент, што выклікае стойкую залежнасць.

Ужыванне тытуню – адзін з асноўных фактараў рызыкі развіцця мноства хранічных захворванняў (рак, захворванні лёгкіх, сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш.). Курэнне з’яўляецца глабальнай праблемай чалавецтва, таму што ўздзеянне тытунёвага дыму – адна з прычын смерці, захворванняў і інваліднасці значнай часткі насельніцтва.

Наступствы гэтай шкоднай звычкі штогод прыводзяць да смерці каля 6 млн людзей у свеце (з іх 600 тысяч – пасіўныя курыльшчыкі). Кожныя 6 секунд па гэтай прычыне памірае прыкладна адзін чалавек.

Толькі ў краінах Еўропы штогадовая колькасць смярцей, звязаных з ужываннем тытунёвых вырабаў, складае каля 1,2 мільёна (14% ад усіх смярцей). Сёння ў Еўропе прыкладна 215 мільёнаў чалавек з’яўляюцца курыльшчыкамі (з іх 130 мільёнаў – мужчыны). Па даных Еўрасаюза, на яго тэрыторыі ў сярэднім паміраюць 19 тысяч людзей, якія самі не кураць, але становяцца ахвярамі пасіўнага курэння. Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў 2020 годзе тытунь стане асноўнай прычынай смерці 10 мільёнаў чалавек.

Што тычыцца пасіўнага курэння, яно шкодна само па сабе, аднак рызыка ўзрастае, калі чалавек знаходзіцца ў зачыненым памяшканні. Дым раздражняе верхнія дыхальныя шляхі. Сухасць у роце, пяршэнне ў горле, чханне – толькі малая частка праблемы. Пастаяннае раздражненне слізістай носа можа прывесці да фарміравання вазаматорнага рыніту. Не многія ведаюць, што праблемы з насавым дыханнем маюць прамую сувязь з захворваннямі вуха. Разбухлая ці, наадварот, моцна сухая слізістая поласць носа можа прывесці да тубаатыту. Астма ўвогуле “любіць” пасіўных курыльшчыкаў – у іх яна развіваецца ў пяць разоў часцей, чым у людзей, якія не сутыкаюцца з курэннем.

Хранічнае ўздзеянне нікаціну прыводзіць да ішэмічнага захворвання сэрца, атэрасклерозу, гіпертаніі, стэнакардыі, інсультаў і інфарктаў. Курыльшчыкі і іх акружэнне часта пакутуюць ад аблітэрыруючага эндартэрыіту. Таксама курэнне прыводзіць да парушэнняў зроку, выклікае алергічныя рэакцыі. У жанчын яно аказвае вялікае ўздзеянне на рэпрадуктыўную сістэму.

Па даных Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам, выкараненне курэння – адна з эфектыўных мер аздараўлення насельніцтва. Сёння існуе вялікая колькасць метадаў і спосабаў пазбаўлення ад гэтай шкоднай звычкі. У нашай краіне дапамога тым, хто вырашыў “завязаць” з цыгарэтай, аказваецца на амбулаторнай аснове ва ўсіх абласных установах аховы здароўя наркалагічнага (псіхіятрычнага) кірунку. У рэспубліцы функцыянуюць 8 спецыялізаваных кабінетаў па лячэнні нікацінавай залежнасці.

Калі вы неабыякавыя да свайго здароўя і здароўя блізкіх, кідайце курыць як мага хутчэй!

Ірына ШОТА,
урач-тэрапеўт