Траўмам скажам – не!

Важное Общество

Дзіцячы траўматызм – вельмі сур’ёзная праблема, якая асабліва абвастраецца ў час летніх канікул. У гэты перыяд яна звычайна вырастае на 20%, прычым колькасць траўм у хлопчыкаў у 2-3 разы перавышае колькасць траўм у дзяўчынак.

Што спрыяе гэтаму? Перш за ўсё – нядобраўпарадкаванасць знешняга асяроддзя, нядбайнасць дарослых, неасцярожныя паводзіны ў быце, на вуліцы, у час гульняў ці заняткаў спортам. У дашкольным узросце – цікаўнасць, недастатковасць каардынацыі рухаў, адсутнасць жыццёвага вопыту могуць прывесці да апёкаў ад гарачай пліты, посуду, страў, кіпню, пары, праса і інш., падзення з ложка, акна, стала ці крэсла, атручвання бытавымі хімічнымі сродкамі, паражэння электрычным токам ад электрапрыбораў, правадоў, разетак.

Дарослыя павінны з павышанай увагай ставіцца да дзяцей – хаваць запалкі, вадкасці, што могуць успыхваць, свечкі, бенгальскія агні, петарды. Ядавітыя сродкі, медыкаменты, адбельвальнікі, кіслоты неабходна ўтрымліваць у закрытых кантэйнерах у недаступным для дзяцей месцы. Таксама важна, каб дзеці не маглі дабрацца да колюча-рэжучых прадметаў, не мелі магчымасці засоўваць пальцы ці прадметы ў разеткі, адчыняць вокны і г. д.

Часта выпадкі траўматызму ўзнікаюць з-за няправільнага карыстання сродкамі руху – веласіпедамі, скейтбордамі, канькамі. Абавязак бацькоў – навучыць сваіх дзяцей правільна карыстацца гэтымі “цацкамі”, падбіраць іх згодна з узростам дзіцяці. Важна, каб кожны хлопчык ці дзяўчынка ведалі самыя галоўныя правілы дарожнага руху. Пра іх выкананне неабходна нагадваць пастаянна, як і пра правілы паводзін на вадзе.

Бацькі з’яўляюцца аўтарытэтам для дзяцей, таму важна, каб яны самі ўмелі правільна паводзіць сябе ў любых жыццёвых сітуацыях і вучылі гэтаму сваіх нашчадкаў.