Летапісцам ліцэя можна назваць гэтага маладога чалавека

Главное Молодежный курьер

У рэаліях сённяшняга дня ўсё больш зразумелымі і прывычнымі становяцца такія паняцці, як анлайн, дыстанцыйна, аддаленасць і іншыя, з якімі рэдка хто сутыкаўся яшчэ ў пачатку года. Новы лад жыцця патрабуе многіх з нас перагледзець свае службовыя абавязкі, вучыцца жыць і працаваць у новых абставінах. Значна павялічылася нагрузка і ў інжынера-праграміста Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Паўла Іванавіча ЛЯЎКОВІЧА. Работы прыбавілася, аднак яна прынесла ў яго будні больш творчасці, расквеціла яе новымі фарбамі.

…Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 райцэнтра Павел паступіў у Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж. Менавіта ў гэтай установе ён атрымаў спецыяльнасць інжынера-праграміста і ў 2013 годзе прыйшоў працаваць у ліцэй. У яго непасрэдныя абавязкі ўваходзіла настройка камп’ютарнай тэхнікі, якой дастаткова ў вучэбных класах і рабочых кабінетах персанала, дапамога ў рабоце са спецыялізаванымі праграмамі і інш. І так з дня ў дзень. Калі ты сам з сучаснай тэхнікай на “ты”, то работа прыносіць задавальненне.

Цяпер жа без дапамогі Паўла Ляўковіча не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Конкурсы, што раней праводзіліся “ўжывую”, перайшлі на анлайн-платформу. Для іх спатрэбіліся відэаролікі. І тут неацэнную дапамогу аказвае інжынер-праграміст, які становіцца іх паўнапраўным аўтарам ці сааўтарам. Напрыклад, разам з творчай групай навучэнцаў і педагогаў падрыхтавалі буктрэйлер па кнізе Б. Васільева “А світанкі тут ціхія…”. Для абласнога фестывалю-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Праф-Арт” была запісана цэлая конкурсная праграма: відэакліп мастацкага чытання верша пра родны горад, вясёлы міні-спектакль для каманды КВЗ і маштабная дэманстрацыя калекцыі адзення “Колеры маёй краіны”, якую стварылі будучыя майстрыхі швейнай вытворчасці.

Сярод гэтых відэаматэрыялаў варта асобна спыніцца на відэароліках, знятых да раённага конкурсу мастацкага чытання вершаў пра вайну “У славу героям”, які праводзіў РК БРСМ. Здымкі вяліся ля брацкай магілы на плошчы Свабоды райцэнтра і ў кабінетах ліцэя. Сказаць, што Павел зрабіў вялікую работу, нічога не сказаць. Патрэбна было зрабіць так, каб кожны ролік браў гледачоў за жывое, а для гэтага падабраць адпавядаючы вершу відэарад, дапамагчы чытальнікам стварыць вобраз. Даводзілася, як у сапраўдным кіно, рабіць па некалькі дубляў, а потым яшчэ карпатліва некалькі гадзін працаваць над мантажом роліка. Не перабольшу, калі скажу, што кожны паэтычны твор, які стаў сюжэтам відэароліка, малады чалавек у першую чаргу прапусціў праз сваё сэрца. Заслужанай узнагародай не толькі дэкламатарам, але і аўтару роліка сталі станоўчыя водгукі ў сацыяльных сетках, дзе яны былі размешчаны, і нават трапілі ў сюжэт “Сталічнага тэлебачання” да гадавіны Перамогі.

З асаблівымі пачуццямі ўдзячнага нашчадка здымаў Павел Ляўковіч музычныя відэавіншаванні з Днём Перамогі. Эмацыянальнае, пранізлівае выкананне Лізаветай Хіміч песні “Жураўлі” ён узмоцніў ідэальна падабраным відэарадам. У выніку ролік закрануў за жывое не толькі педагогаў з сівізной у валасах, але і зусім юных дзяўчат. А відэаролік на песню “Малітва” ў выкананні Марыны Іосіфаўны Яцкевіч літаральна разарваў ад болю сэрцы ўсіх, хто бачыў яго на экране.

І гэта малая частка таго, што зроблена Паўлам для роднай установы. У дапамогу навучэнцам для навучання на даму створана “воблачнае сховішча” з падручнікамі. Карыстаючыся ім, вучні маюць магчымасць атрымліваць заданні анлайн. У анлайн-семінарах цяпер удзельнічаюць выкладчыкі, што дазваляе ім менш кантактаваць адзін з адным. Для выкладчыкаў, якія па нейкіх прычынах не могуць прысутнічаць на такіх семінарах, вядзецца запіс трансляцыі, і яны могуць азнаёміцца з матэрыяламі ў дамашніх умовах. Значную колькасць відэаматэрыялаў падрыхтаваў для Дня адкрытых дзявярэй, які таксама ўпершыню праводзіўся ў анлайн-рэжыме. У маі будзе праходзіць чарговы Дзень, і для яго свежым поглядам Павел перагледзеў першыя ролікі.

Павел Ляўковіч шмат часу аддае рабоце ў сацыяльных сетках, дзе развівае групу “ВКонтакте”, вядзе акаўнт у Інстаграм, што дазваляе адлюстроўваць найбольш яркія моманты з паўсядзённага жыцця ліцэя, своечасова даносіць важную інфармацыю. Нягледзячы на інтэнсіўны і напружаны графік работы, які часта выходзіць за межы рабочага часу, Павел Іванавіч любіць справу, якой займаецца, да любога задання ставіцца адказна. Менавіта за гэта яго паважаюць калегі, навучэнцы, цэніць адміністрацыя ліцэя.

…А ў звычайным жыцці гэта не зусім звычайны малады чалавек. Я б сказала: неардынарны. У яго ёсць свае меркаванні, свой густ у адзенні, ён шмат чытае, захапляецца кіно і музыкай. Скажы, што ты чытаеш, якіх аўтараў любіш, якія мастацкія фільмы глядзіш, якую музыку слухаеш, і больш можаш нічога не гаварыць… Дык вось Павел Ляўковіч не ў прыклад многім сваім равеснікам чытае многа і любіць чытаць з дзяцінства. Сярод яго любімых кніг – “Нарвежскі лес” Харукі Муракамі і “1984” Джорджа Оруэла. Сярод кінафільмаў – “Крымінальнае чціва” Квенціна Таранціна, “Таксіст” Марціна Скарсэзэ, “Джэнтльмены” Гая Рычы і “Географ глобус прапіў” Аляксандра Велядзінскага. У музыцы любіць рок і рэп, пад настрой – шансон. Вось такі чалавек з шырокім кругаглядам і добрым мастацкім густам жыве ў нашым горадзе і працуе ў ліцэі. Упэўнена, што цалкам ён сябе яшчэ не рэалізаваў…

Наталля ШТЭЙНЕР