Апошняга ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў Івянцы не стала…

Важное

На 96-м годзе пайшла з жыцця Ізабела Вікенцьеўна ЕЛІСТРАТАВА. У час ваеннага ліхалецця гэта мужная і, на вялікі жаль, вельмі адзінокая жанчына (практычна ўсе яе блізкія пакінулі свет) была партызанскай сувязной у атрадзе імя С. К. Цімашэнкі. Атрымліваючы чарговае заданне ад камандзіра, радавалася: ёй давяраюць, яна не так проста знаходзіцца сярод адважных людзей! Свайго суджанага Ізабела Вікенцьеўна таксама сустрэла ў атрадзе, родам ён быў з Масквы.

Пасля вайны ўраджэнка сталічнай сям’і ўрача Ваяводскага засталася ў Івянцы разам з мужам, працавала ў мясцовым райвыканкаме, потым – на заводзе мастацкай керамікі. На параднай форме І. В. Елістратавай зіхацелі медалі “Партызан Вялікай Айчыннай вайны” 2-й ступені, “За перамогу над Германіяй”, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені. Яны ды яшчэ атрыманае ў 1980 годзе афіцыйнае пасведчанне партызана Беларусі засталіся напамінам пра такое нялёгкае, але дастойнае і сумленнае жыццё.

…І вось яе не стала… Ветэраны вайны і працы Валожыншчыны, знаёмыя і суседзі глыбока смуткуюць з выпадку смерці апошняй прадстаўніцы партызанскага руху Івянца. Да спачуванняў далучаецца і калектыў рэдакцыі раённай газеты. Вечны супакой, высокае неба і нязгасная памяць Вам, Ізабела Вікенцьеўна…