КОНКУРС НА ЛЕПШАГА МАЛАДОГА АПЕРАТАРА МАШЫННАГА ДАЕННЯ ПРАЙШОЎ У РАЁНЕ

Официально

Конкурс на лепшага маладога аператара машыннага даення праводзіцца ў раёне не першы год. Сёлета ў ім удзельнічалі толькі 4 прадстаўніцы працоўных калектываў МТФ – з СВК “Пяршаі-2003”, КУП “Сівіца” і ААТ “Агра-Дубінское”.

Падвядзенне вынікаў конкурсу прайшло ў Бабровіцкім СДК пасля канцэрта, праведзенага артыстамі раённага Цэнтра і мясцовага Дома культуры. Трэцяе месца заняла прадстаўніца КУП “Сівіца” Таццяна Фёдараўна Голуб, на другой прыступцы п’едэстала гонару апынулася Наталля Георгіеўна Жаўрыд з ААТ “Агра-Дубінское”. Першае ж месца, з адрывам у 5 балаў, заваявала Алена Антонаўна Шут з МТФ “Сівіца”. Яна працуе там ужо 11 гадоў і трымае нядрэнныя вытворчыя паказчыкі: летась ад кожнай з 50 сваіх гадаванак атрымала па 6600 кілаграмаў малака, у бягучым годзе намагаецца гэту планку падняць на новы ўзровень.

Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі падарункі ад спонсараў – райкама прафсаюза работнікаў АПК і аддзела па справах моладзі райвыканкама. А “залаты” і “сярэбраны” прызёры будуць з новымі сіламі прымнажаць багаж працоўнага вопыту: па восені іх чакае ўдзел у абласным спаборніцтве лепшых маладых аператараў машыннага даення.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий