Польшча адправіла ў Беларусь другую партыю гуманітарнай дапамогі

Важное Общество

Згодна з інфармацыяй БелТА, 47 грузавікоў з 300 т гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19 адправіліся з Польшчы ў Беларусь. Cёння груз прыбудзе ў Гродзенскую вобласць і Мінск.

Грузавікі вязуць, у прыватнасці, маскі, лякарствы, тэсты на каранавірус, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама апараты ШВЛ. «Гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі, прызначаная для Беларусі. З беларусамі нас аб’ядноўвае не толькі агульная граніца. Гэта і агульная гісторыя, суседства, якое на працягу стагоддзяў садзейнічае развіццю адносін, рэалізацыі праектаў і паглыбленню супрацоўніцтва», — сказаў, праводзячы груз з Варшавы, дзяржсакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык. Ён падкрэсліў, што гэта самая вялікая партыя гуманітарнай дапамогі ў гісторыі сучаснай Польшчы.

У цырымоніі афіцыйнай перадачы гуманітарнай дапамогі ў Варшаве прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў.

Дапамога будзе перавезена грузавікамі Дзяржаўнай супрацьпажарнай службы, Дзяржаўнай паліцыі і Пагранічнай службы. Плануецца, што грузавікі перасякуць граніцу 5 чэрвеня каля 6.30 у пункце пропуску «Кузніца Беластоцкая — Брузгі» і прыбудуць у Мінск у той жа дзень. У сталіцы груз сустрэнуць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства замежных спраў і пасольства Польшчы ў Беларусі.

Першая партыя гуманітарнай дапамогі прыбыла ў Беларусь 24 красавіка. Тады прывезлі сродкі дэзынфекцыі (50 тыс. л), антысептыкі (30 тыс. л) і хірургічныя маскі (100 тыс. штук), неабходныя для барацьбы з распаўсюджваннем эпідэміі COVID-19.

«Аказваючы падтрымку Рэспубліцы Беларусь у барацьбе з пандэміяй віруса COVID-19, Польшча праяўляе добрасуседскую салідарнасць і такім чынам выконвае абавязацельствы па Дагаворы аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве, падпісаным у 1992 годзе», — звярнулі ўвагу ў пасольстве