Ільецца з крынічкі цуда-вада…

Важное Культура

Святая крынічка на ўсходняй ваколіцы Ракава.

Беларусы з асаблівым замілаваннем ставяцца да крыніц. Колькі песень складзена пра гэтыя чыстыя струменьчыкі са сцюдзёнай і смачнай вадой! Лічылася, што крыніцы не толькі наталяюць смагу, але і ратуюць ад хвароб.

У нашым раёне рэдка якая вёска не мае паблізу хоць невялічкай ручаінкі. У засушлівыя гады яны могуць знікаць, а ў спрыяльны час з’яўляцца зноў. У вёсцы Вішнева бруіцца адна з самых легендарных крыніц, якая прыжылася ў падножжы старажытнага касцёла і вядома людзям больш як 600 гадоў. З даўніны жыхары навакольных вёсак перад пачаткам Імшы прыходзілі да яе, каб напіцца, трохі адпачыць, абмыць ад пылу ногі і абуцца (абутак жа тады насілі з сабой, гэтак бераглі!).

Напрыканцы вуліцы Кірава райцэнтра існуе цэлая крынічная група.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя пачалася вайна з рэлігійным дурманам, пад удар трапіла і крынічка: яе засыпалі пяском, утрамбоўвалі камянямі, залівалі бетонам. І вада прапала. У 2009 годзе, дзякуючы старанням пробашча касцёла Св. Алены і Сымона ў Мінску, іншым рупліўцам, вішнеўцы зноў змаглі напіцца гаючай вадзіцы. Тут, непадалёку берагоў рэчкі Альшанкі, была створана цэлая ландшафтная кампазіцыя для абрамлення крынічкі. Гэта зараз адно з самых маляўнічых месцаў у Вішневе. Кожны жадаючы можа наведацца сюды, палюбавацца на малады сад, на каменную лесвіцу, якая вядзе да касцёла, на фігурку Маці Божай… І, вядома ж, паспытаць вады, набраць яе з сабой.

Не менш легенд і паданняў існуе яшчэ пра адну Святую крынічку. Яна працякае на ўсходняй ваколіцы Ракава, паблізу аўтастрады. Калі ахарактарызаваць гэты помнік прыроды з навуковага пункту гледжання, то варта адзначыць, што яна мае выхад падземных вод з ніжняй часткі ўзвышша. З глыбіні штодня на паверхню паступае даволі значны аб’ём вады, якая адносіцца да гідракарбанатнага класа кальцыевай групы, мае высокую мінералізацыю, а ўтрыманне забруджваючых мікраэлементаў нязначнае. Абапал крынічкі растуць лугавыя травы, а таксама некаторыя прадстаўнікі лясной расліннасці.

У Вішневе бруіцца адна з самых легендарных крыніц

Свой памятны аб’ект воднай прыроды маюць і жыхары райцэнтра. Напрыканцы вуліцы Кірава існуе цэлая крынічная група. Іх агульная тэмпература ніколі не перавышае 9 градусаў па Цэльсію. Гэта адна з самых прахалодных крыніц на Валожыншчыне. Узімку, калі праваслаўныя святкуюць вадохрышча, тут заўсёды шматлюдна. З кожным годам расце колькасць смельчакоў, гатовых акунуцца ў ваду, не зважаючы на мароз і сцюжу.

Віктар ЯКУТОВІЧ,
начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя