З 25 па 30 мая супрацоўнікі дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рэалізавалі другі этап праекта «Хатнія жывёлы» па падтрымцы грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу і жывуць у сельскай мясцовасці.
29 мая 130 сем’яў з Ракава і вёскі Багданава нашага раёна атрымалі ў дар ад “Карытас” амаль 400 трусоў і спецыяльны корм на першы час. А 30 мая дабрачынная арганізацыя перадала жыхарам гэтых населеных пунктаў 3760 куранят. Такім чынам, папоўніліся жыўнасцю хатнія гаспадаркі больш як 150 сем’яў Валожыншчыны.
Трэба адзначыць, што “Карытас” ужо другі год запар рэалізуе гэты праект. Кіраўніцтва дабрачыннага таварыства заўважае: “У акцыі мы бачым для сябе не столькі варыянт матэрыяльнай падтрымкі пэўных катэгорый сельскіх жыхароў – пажылых, адзінокіх, шматдзетных і г. д., колькі магчымасць даць чалавеку шанс сваімі рукамі забяспечыць сабе дабрабыт. Бо дапаможная гаспадарка – гэта не толькі гарантыя ежы на стале, гэта яшчэ і ўменне арганізаваць побыт і, безумоўна, станоўчыя эмоцыі – асабліва, як мы назіраем, для адзінокіх людзей і для дзетак”.


Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аказвае дапамогу дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і дадатковымі патрэбамі, дзецям-сіротам, інвалідам, адзінокім састарэлым людзям, малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі незалежна ад іх рэлігійнай, нацыянальнай прыналежнасці, прадастаўляючы гуманітарную дапамогу. Акрамя гэтага, арганізацыя праводзіць шэраг адукацыйных, культурных, дабрачынных мерапрыемстваў у дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, дамах састарэлых, сацыяльных установах для інвалідаў і людзей без пэўнага месца жыхарства.
Інфармацыя і фота прадастаўлены прэс-службай Мінскага аблвыканкама