Ваенная тайна салдата

Культура

Радавы Уладзімір РУБАЦКІ пайшоў з жыцця, так і не раскрыўшы сваякам многія свае тайны. Ён, увогуле, быў чалавекам нешматслоўным, а пра вайну і свой уклад у агульную Перамогу не любіў успамінаць зусім, як ні прасілі дзеці, родныя, суседзі.
Да вайны Валодзя паспеў скончыць чатыры класы і лічыўся адукаваным чалавекам, бо ўмеў чытаць-пісаць. Перажыў акупацыю, што таксама наклала свой адбітак на характар юнака. У вёсцы Яцкава-Пяскі, на ўзбочыне Налібоцкай пушчы, дзе ў старым і малым ворагі бачылі партызана, выжыць было няпроста. На фронт 19-гадовы беларус трапіў пасля вызвалення родных мясцін ад фашысцкіх захопнікаў – у верасні 1944-га. Ваяваў у 23-яй стралковай Кіеўска-Жытомірскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі. Яго баявы шлях сёння можна прасачыць па шматлікіх падзяках за ўзяцце розных гарадоў і баявых узнагародах. Самая каштоўная сярод іх – ордэн Чырвонай Зоркі, якога надзвычай рэдка ўдастойваліся радавыя. Нягледзячы на гэта, Уладзімір Вікенцьевіч яго трохі як бы саромеўся. І толькі пасля смерці адзін з сяброў расказаў сыну Валерыю, за што быў уручаны бацьку ордэн.
Баі ішлі ўжо на тэрыторыі Германіі. Вораг здавацца не жадаў і змагаўся за кожную пядзю зямлі. Камандзір палка паставіў перад сапёрным батальёнам задачу – навесці пантонную пераправу. Уладзімір не ўмеў плаваць, але змаўчаў і не прызнаўся, нароўні з астатнімі байцамі працаваў у вадзе. А немцы толькі і чакалі, каб скарыстацца чужой работай, на другім беразе сканцэнтравалі свае ўдарныя сілы. Пачаўся масіраваны артылерыйскі налёт. І вораг авалодаў мастом. Чарговы загад быў такі: узарваць толькі што ўзведзеную пераправу. З мінай у ваду адправіўся наш зямляк. Заданне выканаў, сам атрымаў кантузію. Узнагародай салдату стаў ордэн, але яму было няёмка, што падрываць давялося сваю работу, што пантонны мост прастаяў крыху больш за гадзіну. Карацей кажучы, не бачыў ён у гэтым вялікага гераізму.
Літаральна ў самым канцы вайны У. В. Рубацкаму быў уручаны знак «Выдатнаму мінёру». Адпаведны дакумент падпісаў Герой Савецкага Саюза гвардыі палкоўнік Сярогін.
Пасля Перамогі салдат вярнуўся ў родныя мясціны. Працаваў паляводам у калгасе імя Суворава, а ўвогуле, з маленства быў здатны да любой мужчынскай фізічнай работы. Многія вяскоўцы помняць і сёння пра яго залатыя рукі. Многаму навучыў сваіх сыноў. Кожны раз 9 Мая выпіваў Уладзімір Вікенцьевіч франтавыя сто грамаў, аднак і яны яго язык не развязвалі, наадварот, яшчэ больш замыкаўся ў сабе. Як і для большасці ветэранаў, успаміны пра вайну былі непамерна цяжкім грузам на сэрцы і ў памяці.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий