Прыняў віншаванні ад калектыву

Главное Общество

Застаць кіраўніцтва ДРБУ № 167 у поўным саставе даволі складана. Спецыфіка арганізацыі такая, што ўжо зранку многія адказныя работнікі – на аб’ектах. Але, завітаўшы сюды некалькі дзён таму, трапіла на традыцыйнае для калектыву мерапрыемства – ушанаванне юбіляра. У той дзень з пяцідзесяцігоддзем віншавалі інжынера па бяспецы дарожнага руху Андрэя МАСЛОЎСКАГА.

Шчырыя словы ў гонар аднаго з лепшых работнікаў прагучалі з вуснаў дырэктара арганізацыі Уладзіміра Саевіча. Ён адзначыў, што такіх прафесіяналаў, як Андрэй Анатольевіч, пераацаніць немагчыма. Яго кругагляд, спецыяльныя веды, вопыт, цудоўныя чалавечыя якасці – сапраўдныя каштоўнасці для дружнага калектыву аднадумцаў, менавіта на такіх людзей, як ён, неабходна арыентавацца моладзі.

Сам жа герой дня пры бліжэйшым знаёмстве аказаўся чалавекам выключна сціплым. Ніякіх асаблівых заслуг за сабой не прызнае, сцвярджае, што проста старанна выконвае службовыя абавязкі.

А. А. Маслоўскі – карэнны валожынец. Яго бацькі ў свой час таксама ўнеслі значны ўклад у развіццё роднага горада. Тата займаў пасаду старшыні гарвыканкама, затым узначальваў калектыў электрасетак. Матуля выкладала матэматыку ў гімназіі. Сын жа яшчэ з дзяцінства марыў пра інжынерную справу – яго проста нельга было адцягнуць ад розных механізмаў. Паспяхова скончыў аўтатрактарны факультэт політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці “Арганізацыя і бяспека дарожнага руху”. А з 1993 года менавіта ў гэтым кірунку працуе ў галоўнай дарожнай арганізацыі Валожыншчыны. Гуманітарыю даволі складана ўнікнуць у сэнс усіх тонкасцей яго шматлікіх абавязкаў, тым не менш я зразумела, што адным з асноўных момантаў дадзенай работы з’яўляецца распрацоўка тэхнічнай дакументацыі на ўстаноўку дарожных знакаў. Андрэй Анатольевіч таксама займаецца абслугоўваннем камп’ютарнай сеткі арганізацыі.

Спакойны і дамавіты, ён нават у юнацтве вельмі сур’ёзна ставіўся да многіх пытанняў. Напрыклад, уласнае жыллё пабудаваў яшчэ да таго, як жаніўся. Сёння гэта сем’янін, якіх пашукаць, – муж (з жонкай разам 28 гадоў) і бацька сына-студэнта і дачкі-школьніцы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота Сяргея БОБРЫКА