З ЧАРОЎНЫМІ ВАНДРОЎКАМІ – ПА КРАІ…

Официально

Што, як не летнія канікулы, дапамагае школьнікам сфарміраваць навыкі здаровага ладу жыцця? Тры гады таму педагогі Ракаўскай сярэдняй школы з энтузіязмам падтрымалі прапанову аддзела адукацыі правесці профільную змену перасоўнага палатачнага лагера.

Ідэя сумясціць аздараўленне школьнікаў з карысцю для ўстановы адукацыі – сабраць новыя фота-, аўдыё- і відэаматэрыялы для ўзбагачэння калекцыі музея – спела ўжо даўно. І калі абмяркоўвалі праграму будучага лагера, прыйшлі да высновы, што патрэбны не проста палатачны, а менавіта перасоўны, які дасць магчымасць пазнаёміць падлеткаў з багатай гісторыяй нашага рэгіёна, яго гістарычнымі і культурнымі помнікамі, цікавымі людзьмі, прайсці па месцах баявой славы, дапамагчы добраўпарадкаваць тэрыторыю. Так і нарадзіўся праект “Задора”, які ўжо трэці год аб’ядноўвае нераўнадушных да роднай зямлі дзяцей і педагогаў.

Кожны раз маршруты выбіраюцца новыя. Першая змена праходзіла праз Выганічы, Пярэжары, Суднікі, Пральнікі, Падневічы, Баравікоўшчыну, Івянец і Камень. Шмат прыемных уражанняў засталося ў школьнікаў пасля сустрэчы з вучнямі Суднікаўскай СШ, з якімі правялі футбольны матч і спартландыю. Івянец пакарыў не толькі цудоўнай архітэктурай, але і цікавейшым музеем рамёстваў. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі сілы ў кавальскай і ганчарнай справе, дапамаглі скласці дровы.

Маршрут другой змены ахапіў тэрыторыі Валожынскага, Мінскага, Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў. Лінія Сталіна, Вілейскае вадасховішча, старажытнае Заслаўе – гэтыя цудоўныя месцы нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Сёлета “Задора” гасцявала ў Стаўбцоўскім раёне. Цудоўныя азёры з настолькі чыстай вадой, што нават ракі там водзяцца, стары драўляны млын, паляны, пакрытыя чырвоным дываном суніц, шэпат лістоты стройных бяроз над палаткамі – што яшчэ патрэбна рамантычнаму сэрцу заядлага турыста? Вядома ж, яркія ўражанні! Даведаўшыся, што ў Мірскім замку ў гэты час праходзіць музычны фестываль, аднагалосна прынялі рашэнне завяршыць паход каля сцен гэтага гістарычнага помніка.

За час работы лагера школьнікі шмат чаму навучыліся. Але галоўны навык – навык зносін і ўзаемадапамогі. Сапраўдным выпрабаваннем для трыццаці турыстаў сталі надворныя ўмовы, але дождж загартоўваў фізічна і маральна. Праўда, выдатная кампанія, смачная каша, велічная прырода роднай зямлі робяць для дзяцей кожную змену “Задоры” незабыўнай. Таму не выпадкова, што сярод іх ёсць і тыя, хто не першае лета апранае на плечы турысцкі рукзак – Таня Рыпінская, Лёня Валасковіч, Кірыл Рагатка, Яўген Русецкі, Арцём Каленчык…

Сапраўднымі героямі змены, якія кармілі, аберагалі, весялілі, натхнялі, выслухоўвалі і падтрымлівалі, сталі педагогі-выхавальнікі В. М. Русецкая, А. В. Грыбоўская, В. В. Панова, А. Т. Адамовіч і В. Л. Казакевіч.

Святлана АДАМОВІЧ,

начальнік лагера.

 



Добавить комментарий