Падарылі свята

Важное Культура

Комплекснае мерапрыемства “Шчаслівае дзяцінства”, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей, прайшло ў мінулую суботу на базе раённага Цэнтра культуры.

Арганізатарам акцыі выступіла загадчык дзіцячага аддзела РЦК Алена Міхайлаўна Санюковіч. Яна дасканала прадумала, як у час складанай эпідэміялагічнай сітуацыі павіншаваць юных валожынцаў, знайшла шляхі для стварэння асаблівай святочнай атмасферы і добрага настрою. Гучала музыка. Супрацоўнікі віталі хлопчыкаў і дзяўчынак, што праходзілі ў той дзень каля Цэнтра культуры, і раздавалі ім паветраныя шары. На тварах дзяцей адразу з’яўляліся ўсмешкі, яны станавіліся больш радаснымі і шчаслівымі.

Перад уваходам у РЦК была аформлена экспазіцыя работ рабят, што наведваюць гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Юны мастак” і “Умелыя ручкі”. Кіраўнікі аб’яднанняў Аляксандр Русланавіч Кабась і Наталля Раманаўна Пуркалік знаходзіліся тут жа і былі гатовы расказаць жадаючым пра сваю дзейнасць. Увагу хлопчыкаў і дзяўчынак прыцягвала і выстава папулярнай дзіцячай літаратуры, якую арганізавалі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі. Яны з радасцю распавядалі рабятам пра кнігі і іх аўтараў, прапаноўвалі цікавыя творы для чытання.

У фае ж Цэнтра культуры адбывалася дэманстрацыя пазнавальных відэаролікаў для дзяцей “Азбука здароўя”, дзе на прыкладзе любімых герояў – Смяшарыкаў аўтары мультсерыяла паказалі, як важна выконваць рэжым дня, прытрымлівацца правільнага харчавання, чаму трэба рабіць зарадку і інш. Многія дзеці з задавальненнем скарысталіся магчымасцю паўдзельнічаць у майстар-класе па арыгамі. Яны з захапленнем складвалі па прапанаванай схеме лісты паперы і атрымлівалі розныя арыгінальныя фігуркі.

Работнікі культуры ў той дзень не толькі стварылі свята для хлопчыкаў і дзяўчынак, але і напомнілі дарослым пра неабходнасць абараняць правы дзяцей, каб тыя раслі шчаслівымі, вучыліся, займаліся любімай справай і ў будучым сталі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара