Каля ракі недалёка і да бяды

Безопасность и здоровье Важное

З надыходам летняга перыяду ў рэспубліцы рэзка павялічваецца сумны паказчык загінуўшых на вадаёмах. У сувязі з гэтым не лішнім будзе напомніць асноўныя правілы бяспечнага купання.

Як паказвае статыстыка, найчасцей першапрычынай трагедый на вадзе з’яўляецца алкагольнае ап’яненне, а таксама ігнараванне простых правіл. Убачыўшы таблічку “Купацца забаронена”, варта ёй падпарадкавацца. У ваду заходзьце паступова, каб цела прывыкла да паніжэння тэмпературы. Доўга, да пасінення, не купайцеся. Гэта можа прывесці да сутаргі і гібелі. Для тых, хто не ўмее плаваць, нельга заходзіць на глыбокае месца, сачыце, каб вада не была вышэй за пояс. Памятайце, што купацца нашча і раней чым 1,5-2 гадзіны пасля яды небяспечна.

Не пераацэньвайце свае магчымасці: уменне плаваць не з’яўляецца гарантыяй бяспекі. Як ні парадаксальна, сярод тапельцаў большасць тых, хто гаварыў пра сябе: “Я – у вадзе, як рыба…” Вы можаце стаміцца, трапіць у моцнае цячэнне. Калі адчуваеце, што даплысці да берага цяжка, змяніце стыль плавання, адпачніце на вадзе.

На вадаёме забараняецца гуляць у гульні, звязаныя з ныраннем, захопам купальшчыкаў, падаваць ілжывыя сігналы пра небяспеку.
Трапіўшы ў складаную сітуацыю, не панікуйце! З водавароту можна вырвацца: набярыце паветра, нырніце і, зрабіўшы рывок у бок цячэння, выплывайце на паверхню. Пры такой непрыемнай з’яве, як сутарга, падцягніце нагу, а потым пальцы ступні падцягніце на сябе. Трапіўшы ў ціну ці водарасці, не рабіце рэзкіх рухаў, вызваляйцеся з такога палону плаўна.

Існуюць і іншыя правілы, напрыклад, не падплываць блізка да маторак і веславых лодак, скакаць у ваду з прычалаў і іншых збудаванняў, не прыстасаваных для гэтага. Не купайцеся ноччу: у цемнаце можна лёгка страціць арыенцір, спалохацца чаго-небудзь і паддацца паніцы.

Асобна хочацца звярнуцца да бацькоў малалетніх дзяцей: не пакідайце малых на вадзе без нагляду ні на хвіліну!

У нашым раёне сёлета для купання будуць адведзены чатыры спецыялізаваныя зоны з абсталяванымі пляжамі: Жоўты Бераг, Сакаўшчына, Валожынскае вадасховішча і Пагарэлка.

Іван СУХАДОЛЕЦ,
начальнік раённай арганізацыі ТВВОД