Творчасць стала часткай жыцця

Важное Культура

Выстава Ганны Янчэўскай “І майстэрства, і фантазія” праходзіць у памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікае разнапланавасць работ майстра. Між іншым, на экспазіцыі прадстаўлены і вырабы яе выхаванцаў.

Сваё жыццё Ганна Францаўна прысвяціла педагогіцы – працавала ў Пугачоўскай школе настаўнікам хіміі і біялогіі. Пры гэтым яна мела выдатныя мастацкія здольнасці. Жанчына добра малявала, у яе заўсёды было адмысловае пачуццё колеру, святла.

Калі пайшла на заслужаны адпачынак, Ганна Янчэўская ўладкавалася ў Пугачоўскі сельскі дом культуры. Яна прыступіла да сапраўды творчай справы – стала кіраўніком адразу двух гуркоў для дзяцей: “Умелыя рукі” і “Фантазёры”, дзе вучыць рабят выцінанцы, вышыўцы, а таксама вырабляць прыгожыя рэчы з папяровых трубачак і салёнага цеста. Спачатку, паколькі раней ніколі не займалася нічым падобным, асабіста асвойвала розныя прыёмы і метады работы, спрабавала стварыць нешта новае сама, а затым вучыла гэтаму падапечных.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведваюць заняткі Ганны Францаўны. Бывае, так захопяцца працай, што і не заўважаюць, як ляціць час. І на гадзіну, і на дзве затрымаюцца, бо вельмі хочацца ўбачыць вынік сваіх намаганняў. Каб прыгожа дэкарыраваць атрыманы выраб, у ход у рабят ідуць розныя дробязі: пацеркі, стужкі, кавалачкі тканіны, банцікі і інш. Выходзяць сапраўды цікавыя, неардынарныя, не падобныя на іншыя работы.

Паступова творчасць поўнасцю захапіла жанчыну. Яна ўсёй душой палюбіла тое, чым займаецца, таму і дома вечарамі не сядзіць склаўшы рукі: нешта майструе, выразае, вышывае, лепіць. Рэчы, за якія бярэцца майстрыха, адрозніваюцца акуратнасцю, вытанчанасцю, дэманструюць выдатны густ аўтара. Актыўны і няўрымслівы чалавек па натуры, Ганна Янчэўская не задавальняецца дасягнутым, а стараецца асвойваць новыя віды рамяства і перадаць набытыя ўменні выхаванцам.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара