Ён любіў Ракаўшчыну…

Важное Люди и судьбы

Сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (26.11.1930-25.08.1994). У нашай краіне праходзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтый памятнай даце: ставяцца (ці абнаўляюцца) спектаклі па яго п’есах, з’яўляюцца новыя публікацыі пра жыццё і творчасць, Беларускае радыё арганізавала чытанне знакамітага рамана “Каласы пад сярпом тваім” і інш. Ёсць добрая нагода ўспомніць і пра сувязь У. Караткевіча з валожынскай зямлёй, у прыватнасці – з маёй роднай Ракаўшчынай.

У свядомасці кожнай асобы занатаваны найбольш дарагія, найбольш памятныя мясціны. Гэта найперш, згодна з выказваннем Якуба Коласа, “родны кут” ці, карыстаючыся вызначэннем А. Твардоўскага, “малая радзіма”. Месца, дзе чалавек нарадзіўся. Для У. Караткевіча гэта – Орша, знакамітая сваім гістарычным мінулым і сённяшнім днём.

Аднак у сэрцы, бадай, кожнага чалавека знайшлі прытулак не толькі родны кут, але і не менш любыя мясціны, з якімі ён звязаны ніцямі працы, сяброўства, адпачынку. Такой мясцінай для У. Караткевіча быў, несумненна, Рагачоў. Сюды, у прасторную дзедаву хату, дзе ў пасляваенны час жыў з сям’ёй і настаўнічаў у школе яго любы дзядзька Ігар, пісьменнік часта прыязджаў, каб творча папрацаваць, адпачыць душой і целам, паплаваць у паўнаводным Дняпры.

Пра Рагачоў з вуснаў У. Караткевіча я ўпершыню пачуў улетку 1966 г. у дзень нашага асабістага знаёмства (пры пасрэдніцтве Адама Мальдзіса). Тады на філфак БДУ паступаў сын яго добрага сябра з Рагачоўшчыны, вясковаму хлопцу патрэбна была мая кансультацыя, тагачаснага аспіранта ўніверсітэта. Кансультацыя, відавочна, у нечым дапамагла, ён паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта, пазней стаў маім студэнтам. Другі раз пра Рагачоў, звяртаючыся да мяне, гаварыў У. Караткевіч роўна праз год, у чэрвені 1967 г., падчас абароны мной кандыдацкай дысертацыі. Дакладней – у кафэ “Тэатральнае”, віншаваў мяне з паспяховай абаронай, уручыў свой арыгінальны, з уласнымі малюнкамі “Дыплём” і запрасіў наведаць менавіта Рагачоў.

Ведаю, што і Рагачоў, і гасцінную “хату дзядзькі Ігара” наведалі многія сябры і калегі пісьменніка. На вялікі жаль, мне толькі ў 2016 г., у Дзень беларускага пісьменства, давялося прыняць тое колішняе запрашэнне. Але ўжо і без дзядзькі Ігара, і без самога У. Караткевіча… У той жа час – на шчасце! – у маім Ракаве, у маім родным куце, У. Караткевіч бываў не раз. І не толькі бываў, але, як я не раз пераконваўся, і палюбіў яго. Таму зусім заканамерна, што на мемарыяльнай шыльдзе работы народнага мастака Беларусі Івана Міско, устаноўленай у 2011 годзе, напісана “Гэты дом часта па-сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч”. А ў самім доме на Плошчы Свабоды, 17 створаны мемарыяльны куток…

Ракаў, як вядома, – адно з цікавейшых мястэчак на тэрыторыі Беларусі. Ракаўскі інтэрнацыянальны некропаль захоўвае прах многіх выдатных людзей. Так, на каталіцкіх могілках пахаваны вядомы ў свой час кампазітар Міхал Грушвіцкі (1828-1904), продкі вядомага амерыканскага палітолага Збігнева Бжэзінскага і інш. На праваслаўных могілках знайшлі вечны спачын украінскі оперны спявак, заслужаны артыст Украіны Вячаслаў Кабржыцкі (1906-1985), пісьменніца Тамара Чабан (1952-1992), краязнавец Васіль Налецкі (1919-1997)…

Поліэтнічны і полікультурны Ракаў з’яўляецца радзімай родных братоў Здзяхоўскіх – выдатнага польскага славіста і філосафа Мар’яна (1861-1938) і празаіка Казіміра (1878-1942), яўрэйскага крытыка і літаратуразнаўца Уры Фінкеля (1896-1957). Тут у пачатку 20-х гг. ХХ ст. жыў папулярны раманіст Сяргей Пясецкі (1901-1964).

З Ракавам цесна звязана жыццё і творчасць пасляваеннага пакалення многіх беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, артыстаў, дзяржаўных дзеячаў. Гэта крытыкі і літаратуразнаўцы, доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі, кандыдаты філалагічных навук Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша, Эла Дзюкава, Язэп Янушкевіч, мастакі Фэлікс і Валяр’ян Янушкевічы, пісьменнікі Іван Клімянкоў, Людміла Глінская, Валянцін Рабкевіч (1937-1995), оперны дырыжор, народны артыст Украіны і СССР Яраслаў Вашчак (1921-1988), саліст, заслужаны артыст Беларусі Вінцэнт Бруй (1912-1985), Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка (1944-2018) і інш.

На інтэлектуальнае жыццё сучаснага Ракава ўплывае тое, што ён фактычна стаў цэнтрам вялікай курортна-аздараўленчай зоны, у якую ўваходзяць звыш дзясятка дзіцячых летнікаў, сотні прыватных лецішчаў, а таксама санаторыі “Аксакаўшчына”, “Пралеска”, “Іслач”. У 1996-2004 гг. тут функцыянаваў Дом творчасці Саюза пісьменнікаў Беларусі “Іслач” імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Па сутнасці, усе буйнейшыя сучасныя беларускія пісьменнікі і вучоныя ведаюць Ракаў, не аднойчы бывалі і бываюць тут. Не абмінаюць Ракаў і шматлікія турысты, у тым ліку і замежныя…

Пра гэта і многае іншае я расказваў У. Караткевічу ў час нашых адведзін Ракава і яго ваколіц, пешых прагулак і пазнейшых (калі я набыў машыну) паездак на “Жыгулях”. Пры гэтым я знаёміў Уладзіміра Сямёнавіча з некаторымі цікавымі жыхарамі Ракава, у тым ліку з маім бацькам, удзельнікам ВАВ, узнагароджаным медалём “За адвагу”, апантаным мясцовым краязнаўцам, настаўнікам гісторыі В. П. Налецкім (яго імя цяпер носіць краязнаўчы музей Ракаўскай СШ), таленавітымі братамі Янушкевічамі – мастаком Феліксам, філолагам Язэпам…

Ужо згаданы 1967 г. застаўся ў маёй памяці яшчэ адной важнай падзеяй – нашым з Таццянай Вячаславаўнай Кабржыцкай вяселлем, што праходзіла ў Ракаве на пачатку лістапада таго года паводле ўсіх народных традыцый, з вялікай колькасцю мясцовых і прыезджых гасцей. У тым ліку – вядомых пісьменнікаў і вучоных, маіх тагачасных сяброў і калег па кафедры беларускай літаратуры БДУ. Вяселле доўжылася амаль тыдзень. “Вяселлем веку” назвалі яго У. Караткевіч і А. Мальдзіс. Усеагульную ўвагу на ім сваімі досціпамі і частым залівістым рогатам прыцягваў да сябе высокі, прыгожы У. Караткевіч. Наша вяселле, апрача ўсяго, ён выкарыстаў і для першага прадстаўлення сябрам Валянціны Браніславаўны – сваёй будучай жонкі, тагачаснай выкладчыцы гісторыі Брэсцкага педінстытута, з якой ён пазнаёміўся на літаратурным вечары ў Брэсце. Калі яму далі слова для віншавання, Уладзімір устаў і зычным, добра пастаўленым голасам артыстычна зачытаў напісаную ў Ракаве “Эпіталаму Таццяне і Славе”:

Кахання Бог у светлай сіле
Сядзіць між нас. Я п’ю нагбом
За вас: прыгожых, добрых, мілых,
За ваш стары і новы дом.
Да схілу дзён сваіх астанніх
Мы вам сябры. Няхай жыве
Наш гонар: Слава і Таццяна,
Сябры ад сёння і – навек.
Малю аб вечным і адзіным:
Хай будзе шчасны на вякі
Шлюб Беларусі і Ўкраіны,
Шлюб Львова й Іслачы-ракі.

Эпіталаму (верш або песня ў гонар маладых на вяселлі) сваім акуратным почыркам, чорным чарнілам паэт вывеў на белым аркушы паперы, пад ёй паставіў дату: 8 лістапада 1967 года. Распісаўся і пусціў “па крузе” для подпісу іншым гасцям. Многія ахвотна падпісваліся, але некаторыя адмаўляліся – баяліся мець дачыненне да “калектыўных заяў”. Гэта выклікала смех, жарты, кепікі… Да пісьмовага дарунка маладажонам быў далучаны і матэрыяльны. Адам Мальдзіс “ад імя сяброў” паднёс нам насценны гадзіннік з боем і прымацаванай да яго выгравіраванай латуннай манаграмай: “Няхай шчасця гадзіны адлічвае Тані і Славе гэты гадзіннік. Караткевіч, Мальдзіс, Панізнік, Прашковіч”. Дарэчы, гадзіннік, пасля невялікага рамонту, ідзе і сёння…

З часу вяселля нашы ўзаемаадносіны перараслі ў дружбу, спачатку асабістую, а неўзабаве, пасля жаніцьбы Уладзіміра Сямёнавіча з Валянцінай Браніславаўнай – у сямейную. Мы сталі звяртацца на “ты”, адведваць адны другіх на мінскіх кватэрах, сустракацца не толькі на сямейных гасцінцах, але і ў часіны горкія, напрыклад, у шпіталях, пры лячэнні ад розных хвароб. Праз нейкі час дружба падмацавалася блізкім суседствам у “пісьменніцкім” доме па вуліцы Карла Маркса, 36, куды Караткевічы пераехалі з Веры Харужай у 1973 г., а мы са сваёй Серабранкі – у 1977 г. Не забываліся і пра Ракаў. Дамо слова непасрэднаму сведку і ўдзельніку нашых тагачасных кантактаў Таццяне Кабржыцкай: “З цёплымі надпісамі У. Караткевіч дарыў нам, бадай, усе свае арыгінальныя выданні. Неаднойчы гасціў і адпачываў у нас у Ракаве, спыняўся ў бацькоўскім доме Вячаслава Пятровіча часам на некалькі дзён. Аднойчы, калі, ажаніўшыся, мяняў мэблю, прапанаваў нам забраць у Ракаў сваю “халасцяцкую” канапу: “Адвязіце ў Ракаў, магчыма, на ёй я і паначую там у вас” (дарэчы, як музейны экспанат, канапа захоўваецца ў нас і зараз). З Валодзем мы (а пасля яго жаніцьбы і з яго жонкай Валянцінай Браніславаўнай) на нашых “Жыгулях” неаднойчы калясілі ваколіцы Ракава (Монькі, Пярэжары, Душкава, Люцінка, Івянец…). У Караткевіча была мара набыць лецішча каля Ракава. Мара, на жаль, не ажыццявілася. Аднойчы мы цэлы дзень правялі ў цудоўнай мясціне на беразе Іслачы – на Рынкавым Балоце. Па дарозе туды мы спыняліся ля Белага Слупа – месца пахавання загінуўшых французскіх салдат у 1812 г., наведалі Пярэжарскія праваслаўныя могілкі, дзе вечным сном спяць Іосіф і Алена Рагойшы – дзед і бабка Вячаслава Пятровіча… Захавалася нямала здымкаў з таго памятнага дня”. Дадам яшчэ: мы ўскладалі кветкі на магілу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча паблізу Падневіч, пабывалі ў Багданаве – у родным куце Фердынанда Рушчыца, агледзелі замак у Гальшанах… Мабыць, тады ў свядомасці пісьменніка ўзніклі задума і назва вядомага рамана “Чорны замак Альшанскі”…

Год 1983 і пачатак наступнага, апошняга ў жыцці У. Караткевіча, былі для яго асабліва скрушнымі: смерць жонкі Валянціны, роднай цёткі Жэні, што жыла ў Мінску, адзінота, частыя хваробы, шпіталізацыя і г. д. Падчас чарговых адведзін Уладзіміра ў шпіталі мы дамовіліся, што лета 1984 г. ён правядзе ў нас у Ракаве. Тым больш, што да нас тады меркавалі прыехаць (і сапраўды прыязджалі) з Масквы блізкія родзічы Таццяны Вячаславаўны – Бадровы. Мы планавалі наладзіць цесны кантакт У. Караткевіча з вядомым ужо тады кінасцэнарыстам і кінарэжысёрам Сяргеем Бадровым-старэйшым, што магло ўвасобіцца ў добрым творчым тандэме. На жаль, усё скончылася інакш. У планах У. Караткевіча пераважыла іншае: спачатку – паездка ў Кіеў на сустрэчу з аднакашнікамі, потым – падарожжа на плыце па Прыпяці…

Мы думалі, як лепш арганізаваць сустрэчу Бадровых з Караткевічам. Ведалі, што Караткевіч ужо вярнуўся з Кіева. Чакалі, калі скончыцца яго падарожжа па Прыпяці. Аднак 25 ліпеня ў наш ракаўскі дом паштальён прынёс неспадзявана-трагічную тэлеграму ад А. Мальдзіса: “Памёр Валодзя. Пахаванне 27 ліпеня”…

На пахаванне У. Караткевіча ў Мінск мы паехалі разам з Бадровымі. На ракаўскіх палетках наш сын Максім і яго равеснік Сяргей Бадроў-малодшы нарэзалі цэлы сноп жытнёвых каласоў, перавязалі яго васільковым перавяслам, потым надламалі верхнюю частку снапа, нібы сярпом надрэзалі. Атрымалася: каласы пад сярпом…

На Усходніх могілках пад труну Караткевіча сваё плячо падставіў і я. Хоць нас было чалавек восем, але труна тая здалася невыносна цяжкай, ажно слёзы з вачэй закапалі… Свой “вянок” мы ўсклалі на свежы магільны курганок. Ён адмыслова-сімвалічна вылучаўся сярод мора чырвоных і белых ружаў, гваздзік, што ўкрылі магілу яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры, які згарэў дачасна ў няпоўныя 54 гады…

Вячаслаў РАГОЙША