Праязджаючы праз вёску Сярэдняе Сяло, немагчыма не звярнуць увагу на толькі-толькі адрамантаваны ўчастак дарогі працягласцю каля 3-х кіламетраў. Якаснае роўнае пакрыццё, што нядаўна з’явілася тут, даспадобы пешаходам і вадзіцелям. Не нарадуюцца выніку працы прафесійных дарожнікаў – супрацоўнікаў ДРБУ № 167 – мясцовыя жыхары. У час рабочай паездкі ў Дорскі сельсавет нам пашанцавала пазнаёміцца з некаторымі з іх.
Анатолій Ягоравіч КУЛІК даўно на заслужаным адпачынку. 46 гадоў адпрацаваў механізатарам у калгасе “Чырвоны сцяг”, 32 сезоны быў лідарам на жніве. За выключнае стаўленне да сваіх абавязкаў і ўклад у агульную справу шаноўны чалавек адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга і двойчы – ордэнам “Знак пашаны”. Не аднойчы мясцовыя жыхары выбіралі Анатолія Ягоравіча дэпутатам мясцовага Савета. Разам з жонкай выгадавалі траіх дзяцей, якія падарылі шчаслівым дзядулю і бабулі двух унукаў.

Сёстры Вера РАДЫНА і Аляксандра ГОЛУБ – таксама пенсіянеркі. Яны нарадзіліся і выраслі ў Сярэднім Сяле. Будавалі кар’еры, стваралі сем’і ў сталіцы, а зараз – зноў у бацькоўскай хаце. Яны не лічаць сябе дачніцамі. Ведама ж – мясцовыя. Спадчыну, што дасталася ад бацькоў, добраўпарадкавалі і праводзяць у роднай вёсцы большую палову года. Жанчыны з радасцю далучыліся да нашай гутаркі.


Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара