«Беларусь стойкая, мудрая і можа спраўляцца з пандэміяй»

Главное

Згодна з інфармацыяй БелТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі ва ўмовах пандэміі навучыліся спраўляцца з гэтай праблемай. Больш таго, у краіне не давялося ісці на крайнія меры.

«Нам пакуль наогул удалося пазбегнуць крайняга сцэнарыя. Прытым мы не закрывалі краіну. Што датычыцца граніц, нам і закрываць не трэба было. Наша ўсё акружэнне закрылася. Мы не закрывалі аэрапорт. Мы паказалі, што ёсць такая Беларусь, што яна стойкая, мудрая, магутная і можа спраўляцца з гэтай пандэміяй», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на крытыку, якая часам гучыць наконт выбранага ў краіне шляху ў барацьбе з захваральнасцю, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ўсе адрозненні толькі ў тым, што не ўводзілі татальны каранцін і каменданцкую гадзіну, не закрывалі людзей у сваіх дамах і кватэрах. «У нас няма той сітуацыі, каб уводзіць каменданцкую гадзіну. Але калі пачалі некаторыя «плявузгаць» у нас у краіне, я сказаў: вы не перажывайце, калі патрэбна, на працягу сутак закрыем. Але трэба ж думаць, як людзі будуць жыць у аднапакаёвай кватэры, а як у інтэрнатах… Я разумеў, які будзе настрой людзей, і з якім настроем выйдуць гэтыя людзі пасля закрыцця, і што будзе потым», — адзначыў беларускі лідар.

«Гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не завершана. Сітуацыя кіруемая і краіна кіруемая, і мы можам прыняць любое рашэнне. Але пакуль, дзякуй богу, нам не патрэбны крайнія меры, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нашы ўрачы навучыліся спраўляцца з гэтай хваробай. Яна ў кожнага чалавека можа развівацца па-рознаму. Адсюль і лякарствы патрэбны розныя. Лякарстваў у нас хапае, ахоўных сродкаў дастаткова, і ўрачы прыстасаваліся лячыць гэтыя хваробы».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі не толькі займаюцца тэсціраваннем на каранавірус, але і прыярытэтную ўвагу ўдзяляюць дыягностыцы пнеўманій. «Мною было дадзена строгае ўказанне: усіх, хто звярнуўся, — на КТ. Мы за гэты час закупілі дзясяткі апаратаў і там, дзе патрэбна было, устанавілі. Цяпер нават у Мінску ў паліклініках устанаўліваем. Урачы малайцы, ужо навучыліся, яны бачаць на КТ — звычайная пнеўманія або кавідная. Вось гэта правільны паказчык, — сказаў Прэзідэнт. — І мы можам смела гэтыя паказчыкі апублікаваць і паказаць, хто лепш за ўсё спраўляецца і справіўся на сённяшні момант з гэтай заразай».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна захоўваць меры засцярогі, аднак падыходзіць да гэтага з розумам. «Трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі і берагчы старых людзей. Не расслабляйцеся ні ў якім выпадку. Паберажыце сябе, але разумна. Не закрываючыся недзе ў кутку, а больш будзьце на свежым паветры», — параіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра бягучы момант, Прэзідэнт звярнуў увагу, што разам сышліся чатыры «пандэміі» — у ахове здароўя, эканоміцы, палітыцы, а таксама на інфармацыйным полі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі пакуль і няма адказу на пытанне, ці з’яўляецца пандэмія рукатворнай, сёй-той у свеце спрабуе скарыстацца сітуацыяй і псіхозам, які ўзнік. «Ужо ўвесь свет сёння спыніўся, абвалена эканоміка ўсяго свету. А вядучыя кампаніі, мільярдэры і дзяржавы ў кішэню паклалі трыльёны долараў», — дадаў Прэзідэнт.

Такім чынам, за медыцынскай пандэміяй пачалася эканамічная, і яна закранула не толькі краіны ў стадыі развіцця, але і буйныя дзяржавы. Зразумела, уплыў на сабе адчувае і Беларусь са сваёй экспартна арыентаванай эканомікай. «Нам патрэбна валюта, каб жыць. А валюту можна атрымаць, толькі калі прадаваць свой тавар на знешніх рынках», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нават тыя краіны, якія, валодаючы значнымі запасамі карысных выкапняў, змаглі калісьці накапіць вялікія фінансавыя рэзервы, сёння не раскідваюцца грашыма. «Таму што яны не ведаюць, накрые другая хваля гэтай хваробы свет ці не», — растлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, трэцяя пандэмія — рукатворная суб’ектыўнага характару — палітычная. Перадвыбарная кампанія наклала свой адбітак на ўсё тое, што адбываецца.

Нарэшце, чацвёртая — інфапандэмія, якая аказала моцнае ўздзеянне на людзей.

Фота БелТА