У КСУП “Валожынскае” праходзіць пераддыпломную практыку выпускніца Навагрудскага аграрнага сельскагаспадарчага каледжа Паліна ЛУГІН.
У калектыве гаспадаркі без пяці хвілін агранома прынялі з радасцю. Кіраўнік і спецыялісты стараюцца атуліць дзяўчыну клопатам і стварыць ёй спрыяльныя ўмовы для працы і жыцця. З бытам праблем няма – выдзелены пакой у доме, які прыстасаваны пад інтэрнат. Што тычыцца заробкаў, таксама абяцаюць не пакрыўдзіць.
У гаспадарку малады спецыяліст прыбыла каля месяца таму, аднак ужо зараз адчувае сябе досыць утульна і ўпэўнена. І не дзіва, сувязь з сельгасвытворчасцю ў юнай прыгажуні з дзяцінства. Аграрнай справе прысвяціў жыццё бацька. І дачку здолеў выхаваць з любоўю да роднай зямлі і адданасцю прафесіі агранома.
На першы погляд здаецца, быццам перад намі – казачная прынцэса. Аднак на самай справе за прывабнай, вельмі жаноцкай знешнасцю схаваны цвёрды характар. Што і казаць, яна – футбалістка! Абараняла гонар школьнай зборнай на працягу некалькіх гадоў. А ўбачыўшы гэту бландзінку за рулём аўтамабіля, манеру яе язды, хутчэй прымеш за мужчынскую. Але і свет мастацтва для яе не чужы. Падчас вучобы ў музычнай школе навучылася іграць на цымбалах, у вольны час наведвала зняткі па народных танцах.
Сёння Паліна Паўлаўна толькі на старце вялікага жыццёвага і прафесійнага шляху. Жыхарка Іўеўскага раёна вырашыла звязаць сваё жыццё менавіта з Валожыншчынай, і гэта вельмі прыемна. Хочацца пажадаць ёй спаўнення ўсіх мар – і тых, што тычацца асабістага жыцця, і вялікай сапраўднай кар’еры.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара