Пастушок вырас да акадэміка

Главное Люди и судьбы

Не так даўно 75-гадовы юбілей адзначыў вядомы навуковец, таленавіты арганізатар і педагог, акадэмік НАН Беларусі, прафесар кафедры матэматычнай кібернетыкі механіка-матэматычнага факультэта Віктар КАРЗЮК.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Петрашунцы. Недзе ў Германіі кацілася да фінальнай кропкі вайна, а сялянскія сем’і сеялі збожжа, рыхтаваліся садзіць бульбу і радаваліся, што вораг ужо больш не будзе таптаць іх родную зямельку. Дзяцінства будучага акадэміка не было лёгкім. На гульні і забаўкі часу заставалася мала: дапамагаў маці па доме, пасвіў кароў, а як падрос, разам з бацькам і братам Васілём сенаваў, хадзіў за плугам. Хлопцы раслі выхаванымі, паслухмянымі, працавітымі і з малых гадоў вызначаліся цягай і здольнасцямі да вучобы. Настаўнікі Сакаўшчынскай школы заўсёды адзначалі гэта і прарочылі юнакам слаўную будучыню. І яны не памыліліся.

У 1961 годзе Віктар Карзюк паступае на матэматычны факультэт БДУ, да навуковых даследаванняў прыступіў ужо ў студэнцкія гады. За досыць кароткі час ён стаў вядомым спецыялістам у сферы дыферэнцыянальных ураўненняў і матэматычнай фізікі, напісаў звыш 200 навуковых работ.

Але не толькі тэарэтычнымі дасягненнямі напоўнена жыццёвая скарбонка вучонага. Віктар Іванавіч – выдатны арганізатар, вызначаецца ўменнем будаваць стратэгічныя планы і валодае зайздроснай мэтанакіраванасцю. Усё гэта дапамагло яму зрабіць вялікі ўклад у развіццё і станаўленне факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Ім таксама быў арганізаваны спецыяльны факультэт бізнесу і інфармацыйных тэхналогій БДУ, дзе вядзецца перападрыхтоўка кадраў па спецыяльнасцях сучасных тэхналогій.

В. І. Карзюк запатрабаваны не толькі на Радзіме. Ён неаднаразова чытаў лекцыі ў развітых краінах Заходняй Еўропы і Цэнтральнай Амерыкі, дзяліўся вопытам з афрыканскімі калегамі.
За паспяховую працу наш зямляк адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. З 2014 года Віктар Іванавіч Карзюк – акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Наш кар.