Гісторыя з фатаграфіяй

Важное Кругозор

Ініцыятыўныя супрацоўнікі краязнаўчага музея натхніліся ідэяй – разам з чытачамі газеты акунуцца ў эпоху, якая мінула не так даўно, але ўспрымаецца людзьмі па-рознаму.
Экспазіцыя музея налічвае вялікую колькасць старых фотаздымкаў, на кожным – імгненне нечага асабістага жыцця або агульныя падзеі, непазнавальныя знаёмыя краявіды…
У новай рубрыцы будуць прадэманстраваны рэдкія фатаграфіі, пададзены сапраўдныя факты. Нас чакае сустрэча з простай, але затое самай праўдзівай гісторыяй Валожыншчыны…

Старэйшыя жыхары Валожына добра памятаюць драўляны двухпавярховы дом на вуліцы Камсамольскай. Гэты будынак прысутнічае на многіх фатаграфіях. Дом размяшчаўся на беразе гарадскога возера каля цяперашняга рэстарана “Іслач”. Раней яго ўласнікам быў Радына і там знаходзілася гасцініца.

У пасляваенныя гады дом стаў выкарыстоўвацца пад жыллё. Спачатку туды засялялі мясцовых інтэлігентаў. Вера Іванаўна Перапеча ўспамінае, што ў розныя часы там пражывалі сем’і Віткіных, Ігнатовічаў, Махмудавых, Аўраменкаў, Ганчарыкаў, Бяловых, Бабінцавых, Марач, Маркоўскіх, Сімановічаў і інш.

Многія жыльцы былі добра вядомыя валожынцам. Майсей Давыдавіч Віткін – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, выдатны настаўнік. Доўгі час працаваў дырэктарам сярэдняй школы № 2 горада Валожына. З вялікай цеплынёй і любоўю ўспамінаюць былыя вучні Таццяну Сямёнаўну Віткіну, заслужаную настаўніцу БССР.

Добрую памяць аб сабе пакінула ў Валожыне Валянціна Фёдараўна Бабінцава. У канцы 50-х гадоў яна працавала галоўным урачом райбальніцы. Была адказным, граматным кіраўніком, патрабавальным да сябе і да сваіх падначаленых. Пра яе можна напісаць цэлую аповесць. Ваенурач 3-га рангу Бабінцава служыла ў 106-й асобнай стралковай брыгадзе. Яна ўзначальвала хірургічнае аддзяленне. Колькі складаных аперацый у неймаверна цяжкіх умовах правяла гэта мужная жанчына! У 1943 годзе была цяжка паранена, трапіла ў палон. Толькі за трэцім разам ёй удалося збегчы з лагера. І зноў на фронт. У 1947 годзе ваенурач В. Ф. Бабінцава змяніла ваенны кіцель на цывільнае адзенне. Адна з першых на Беларусі была ўдастоена высокага звання заслужанага ўрача рэспублікі.

У пачатку 90-х гадоў дом быў разабраны. Але і сёння жывуць у нашым горадзе людзі, чый лёс быў звязаны з гэтым будынкам. Мы запрашаем іх да размовы і просім, каб яны дапоўнілі нашу інфармацыю. Раскажыце пра сябе, пра сваіх суседзяў. Мы ўпэўнены, што і вашы гісторыі таксама будуць цікавымі для чытачоў.