
Пачаліся канікулы. Гэта адказная пара для дарослых, перад якімі стаіць важная задача – наладзіць паўнавартасны адпачынак дзяцей. У перыяд аздараўленчай кампаніі 2020 года асаблівая ўвага надаецца пытанню бяспекі. Праца лагераў арганізавана з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі і па жаданні бацькоў (законных прадстаўнікоў).
З 1 чэрвеня гасцінна расчынілі свае дзверы для 128 выхаванцаў аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем на базе сямі ўстаноў адукацыі. У планах іх работы прадугледжана шмат майстар-класаў, рухавых гульняў, спартыўных мерапрыемстваў. Недарма ж лічыцца, што лета – пара адкрыццяў і цікавых спазнанняў.
Выхаванцаў аздараўленчага лагера “Крынічка” сярэдняй школы № 2 г. Валожына аб’ядноўвае сюжэт тэматычнай гульні “Падарожжа за здароўем”. Рабяты актыўна ўдзельнічаюць у эстафетах, конкурсах, канцэртах, інтэлектуальных спаборніцтвах.
Змена “Сонечная планета” Ракаўскай сярэдняй школы абыгрывае ідэю функцыянавання сонечнай сістэмы творчасці і радасці ў рамках вялікай сюжэтна-ролевай гульні.
Незабыўнымі момантамі для дзяцей з лагера “Вясёлка” Гародзькаўскага НПК з’яўляецца ўдзел у творчай гульнявой змене “Уздоўж па вясёлцы”, якая носіць турысцка-краязнаўчы кірунак.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак, што адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Сузор’е” на базе гімназіі № 1 г. Валожына, створана займальная атмасфера, дзякуючы пазітыўнаму і актуальнаму праекту “Чароўная краіна”.
Лагеры “Планета дзяцінства” сярэдняй школы № 1 г. Валожына, “Праменьчык” Яршэвіцкага НПК, “Крынічка” Пяршайскага НПК арыентаваны на спартыўна-аздараўленчую работу.
Летні адпачынак дорыць кожнаму дзіцяці радасць зносін, магчымасць раскрыцца, праявіць творчыя здольнасці і ўвасобіць у жыццё арыгінальныя ідэі. У лагерах з дзённым знаходжаннем ствараюцца аптымальныя ўмовы для паўнавартаснага адпачынку.
Па жаданні бацькоў школьнікам прапануецца адпачыць і ў 18-дзённых кругласутачных лагерах “Дружба” Дзяржынскага раёна і “Лясная казка” Вілейскага раёна.
Уся інфармацыя па летнім аздараўленні размешчана на сайце ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
Наш кар.