Беларусь ганарыцца прадукцыяй БелАЗа

Главное

Згодна з інфармацыяй БелТА, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава  пабывала на ААТ «БелАЗ», дзе сустрэлася з працоўным калектывам, азнаёмілася з тэхналагічным працэсам у вытворчых цэхах.

Наталля Качанава прызналася, што даўно збіралася прыехаць на БелАЗ. Яна адзначыла, што Беларусь ганарыцца прадукцыяй гэтага прадпрыемства, якую ведаюць ва ўсім свеце. «Добрае, дастойнае прадпрыемства, адно з лепшых у краіне. Мы ім ганарымся. Гэта адзін з брэндаў Беларусі, — падкрэсліла спікер. — Такія прадпрыемствы, як МТЗ МАЗ, БелАЗ — апора прамысловасці».

Старшыня Савета Рэспублікі дадала, што за дасягненнямі БелАЗа стаіць вялікая праца ўсіх людзей, якія тут працуюць. Нядаўна дырэктар прадпрыемства Пётр Пархомчык узначаліў Міністэрства прамысловасці. «Гэта адказная пасада. Прыход кіраўніка такога ўзроўню надасць новы імпульс развіццю прамысловасці краіны», — упэўнена Наталля Качанава.

У час наведвання БелАЗа кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента пабывала ў цэхах. Наталлю Качанаву праінфармавалі, як выконваюцца вытворчыя паказчыкі бягучай пяцігодкі. Кіраўніцтва БелАЗа расказала аб экспартнай дынаміцы. З пачатку 2020 года прадпрыемства істотна дыверсіфікавала экспартныя пастаўкі за кошт павелічэння долі краін далёкага замежжа ў агульным аб’ёме адгрузкі, а таксама асваення новых сегментаў рынку горнага абсталявання. У студзені — маі прадукцыя БелАЗа пастаўлена ў 20 краін, 13 з іх — далёкае замежжа.

На прадпрыемстве Наталлі Качанавай расказалі аб інвестыцыйнай дзейнасці. Прапрацоўваецца магчымасць рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі вытворчасці на 2020-2025 гады. Мэта — развіццё магутнасцей па вытворчасці кар’ерных самазвалаў, падземнай і будаўніча-дарожнай тэхнікі, спецтэхнікі. Адзначаўся таксама высокі ўзровень карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці прадпрыемства. У прыярытэце — забеспячэнне супрацоўнікаў даступным жыллём.

ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг» — вядомы сусветны вытворца кар’ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.