Сустрэча ля веснічак

Важное Общество

Да жыхароў вёскі Ігнатава Марыі Антонаўны і Франца Уладзіміравіча АЛЯШКЕВІЧАЎ я завітала выпадкова падчас творчай камандзіроўкі. Вельмі ж спадабаўся іх невялікі, але ўтульны дом з дагледжаным падворкам. З дарогі сядзіба выглядае сапраўдным хутарам, хоць суседзі – не вельмі далёка. Навокал – прастора палёў і лугоў. Прыгажосць неверагодная!

Сустрэлі нечаканага візіцёра ля веснічак. Асаблівай працэдуры знаёмства не адбылося. Гаспадары – вялікія аматары раённай прэсы, таму карэспандэнта “Працоўнай славы” ведаюць і шчыра рады бачыць. Памятаючы аб неабходнасці выканання санітарных правіл, ад запрашэння ў дом адмаўляюся. Мы ўтульна размясціліся на ганку. Суразмоўцы таксама, як і я, надзелі маскі – маўляў, не за сябе хвалюемся, а за госцю. Невялічкі прамавугольнік марлі іх добрыя і разумныя вочы толькі падкрэсліў. Зусім не хацелася задаваць гэтым людзям складаныя пытанні, правакаваць іх на нейкую непатрэбную ў той сонечны вясенні дзень філасофію. Відавочна, што яны сабе і тым, хто побач, даўно ўсё даказалі. Галоўным у жыцці лічаць сямейныя каштоўнасці. Таму ў іх утульным доме пануюць любоў, адданасць, паразуменне і бязмежная павага адзін да аднаго.

Аляшкевічы даўно пенсіянеры, жывуць удваіх, з натхненнем даглядаюць агарод, кветнікі. Паколькі абое маюць праблемы са здароўем, гаспадарку звялі да мінімуму – трымаюць толькі курэй і сабаку. Але гэта не значыць, што ізаляваліся ад наваколля. Яны – адданыя прыхаджане касцёла, добразычлівыя суседзі. Франц Уладзіміравіч, як самы актыўны з мясцовых жыхароў, некалькі гадоў з’яўляецца старастай вёскі. Жонка ва ўсім падтрымлівае спадарожніка жыцця. Калісьці і працоўнае іх жыццё было яркім, насычаным. Муж спачатку шчыраваў у сельгасвытворчасці, затым шмат гадоў і да самага выхаду на заслужаны адпачынак працаваў землеўпарадчыкам у сельвыканкаме. Марыя Антонаўна – педагог. Больш за 30 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў Вішнеўскай школе, карысталася павагай калектыву і шматлікіх вучняў.

Яны сустрэліся на танцавальнай вечарынцы. Дзяўчына была студэнткай. Малады чалавек паспеў адслужыць у арміі, працаваў у калгасе. Пэўны час сустракаліся, а калі зразумелі, што жыць адзін без аднаго не могуць, пажаніліся. Акрамя бязмежнага шчасця, сутыкнуліся і з праблемамі. Маладому мужу патрэбна было вучыцца (скончыў тэхнікум, партыйную школу). Жонка спачатку спыніла вучобу ў БДУ, а пасля прыйшла да высновы, што без дыплома – нікуды, і зноў засела за падручнікі. Хоць гаспадарка і выдзеліла ім кватэру, жыць вырашылі з цешчай. Гэта была вельмі добрая і працавітая жанчына. Будучы маладой удавой з дзіцем на руках, самастойна будавала дом на падмурку, што застаўся ў спадчыну ад сваякоў. Яна з радасцю прыняла зяця, якога пасля ўсё жыццё лічыла сынам. Гэткія ж шчырыя адносіны сёння ў Франца Уладзіміравіча і Марыі Антонаўны з дачкой, зяцем і ўнучкай.

Яны не прывыклі чакаць нейкай падтрымкі і дапамогі. Свой дабрабыт старанна стваралі самі. А сёння самааддана падтрымліваюць тых, каму патрэбна іх дапамога, паважаюць мясцовую ўладу і апантана мараць, каб над роднай Валожыншчынай ззяла мірнае сонца і ніякія эпідэміі не атручвалі жыццё добрых і працавітых людзей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара