Крыху пра веласіпеды і пра тое, як ім “ногі прырабляюць”

Важное Закон и порядок

На тэрыторыі вобласці складваецца дастаткова напружаная сітуацыя па крадзяжах веласіпедаў і дзіцячых калясак. Летам і восенню ў міліцыю паступаюць шматлікія заявы аб “прымусовых” стратах двухколавага транспарту. А, між іншым, часта ўмовы для здзяйснення злачынства ствараюць самі ўладальнікі веласіпедаў, пакідаючы іх без нагляду…

З пачатку года на тэрыторыі нашага раёна здзейснены 2 крадзяжы дарожных веласіпедаў. Трэба заўважыць, што ўкрасці двухколавы транспарт асаблівых намаганняў для злодзея не складае. А вось раскрыць такія злачынствы няпроста.

Не варта чакаць, пакуль нехта паклапоціцца пра захаванасць вашай маёмасці. Трэба і самім прыкласці ўсе магчымыя для гэтага намаганні. Не пакідайце веласіпед без увагі, выкарыстоўвайце супрацьугонныя велазапчасткі і аксесуары, захоўвайце транспарт у бяспечным месцы (не на лесвічнай клетцы – гэта ўжо дакладна!). Каб быў шанц вярнуць скрадзены велабайк, важна беражліва захоўваць усе дакументы на яго, ведаць унікальны нумар рамы (звычайна ён выціснуты на карэтцы).

Захоўванне маёмасці ў калідорах, праходах, на лесвічных маршах і пляцоўках, ля запасных выхадаў і ў іншых дапаможных памяшканнях, згодна з падпунктам 16.6 пункта 16 “Правіл карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў”, можа расцэньвацца як загрувашчванне. Уявіце, што пры такім раскладзе можа адбыцца з насельнікамі дома ў выпадку неабходнасці экстраннай эвакуацыі… Таму за неахайнае і неабдуманае захоўванне веласіпедаў у такіх месцах і прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да 30 базавых велічынь (ч. 1 арт. 21.16 КоАП).

З чэрвеня 2020 на працягу летняга і асенняга перыядаў супрацоўнікі РАУС сумесна з прадстаўнікамі жылкамунгаса будуць праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне людзей, якія дапускаюць парушэнні Правіл карыстання жылымі памяшканнямі.

 

Сяргей ЛАТЫШАЎ,
намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі