Акно ў прыроду

Без рубрики

Працягваем рубрыку “Акно ў прыроду” на 2020 год. Штомесячна будзем друкаваць матэрыялы аб назіранні прыродных з’яў, згодна з народнымі прыкметамі, па якіх можна прадказаць надвор’е: якой будзе наступная пара года, якім будзе ўраджай пладоў і ягад, грыбоў. Пазнаёмімся з ягадным і грыбным календарамі. Раскажам цікавыя звесткі пра тую ці іншую расліну, па якой можна прадказаць стан надвор’я на бліжэйшыя дні. Карыснымі будуць парады садаводу і агародніку.

Чэрвень – першы месяц сапраўднага лета, дзень становіцца ў 2,5 раза даўжэй, чым ноч. 22 чэрвеня надыходзіць летняе сонцастаянне – самы доўгі дзень і самая кароткая ноч. Пачынаецца астранамічнае лета. Прырода канчаткова развітваецца з вясной. Мала каму не даводзілася ў гэты дзень праходзіць па полі і ўдыхаць водар кветак каласістага жыта або любавацца разнакветкавым лугам, незвычайнай паўнатой і сакавітасцю першых травяных пракосаў. Адчуваць, якая прыемная свежасць чэрвеньскай раніцы, як пахне ледзь-ледзь прыгрэтая сонцам трава, як падфарбоўваецца чырванню небасхіл – і так некалькі дзён запар. А з 27 чэрвеня дзень пачынае ўбываць: сонца павярнула на зіму, а лета – на гарачыню.

КАРЫСНЫЯ ПАРАДЫ

САДАВОДУ
Закончана цвіценне, надыходзіць інтэнсіўны рост пладоў, дружнае іх асыпанне. Тлумачыцца гэты тым, што пладоў завязалася ў некалькі разоў больш, чым лісця, і карані могуць падаць да іх пажыўных рэчываў і вады. Таму карысна абарваць лішнюю завязь (невялікія плады) і падкарміць дрэвы гноевай жыжкай, разбаўленай вадой 1:1, птушыным памётам 1:5 або аміячнай салетрай у разліку 25-30 грамаў на 10 літраў вады. Растворы арганічных і мінеральных угнаенняў уносяць у спецыяльныя канаўкі ці лункі. На ягадніках канаўкі капаюць уздоўж радкоў, а ў яблыневым і грушавым садзе – па акружнасці прыствольнага круга. На куст парэчак і агрэсту дастаткова аднаго вядра падкормкі, а на яблыню і грушу – да двух вядзёр. Суніцы, каб не забрудзіць ягад, у чэрвені і ліпені не падкормліваюць.

Шмат карысных і пажыўных рэчываў у дрэў забірае пустазелле. Таму яго трэба своечасова выполваць і рыхліць глебу. Суніцы ў гарачыя дні варта паліваць раніцай – калі паліваеце ўдзень, выкарыстоўвайце толькі падагрэтую ваду.

Бывае, што каля ствалоў яблынь, груш і іншых дрэў з’яўляюцца парасткі, іх трэба выразаць каля самай зямлі, не пакідаючы пянькоў.

У чэрвені найбольш праяўляюць сябе хваробы пладовых дрэў (парша, розныя гнілі), назіраецца масавае размнажэнне шкоднікаў (пладажэркі, розных відаў тлі, медзяніцы і інш.). У садзе іх знішчаюць дазволенымі для выкарыстання на прысядзібных участках хімікатамі і з дапамогай раслінных прэпаратаў, завараў і настояў. Супраць вусеняў і пладажэркі выкарыстоўваюць адвар палыну горкага, дзеля чаго 1 кілаграм палыну заліваюць 5 літрамі вады і кіпяцяць 10-15 хвілін. Астуджваюць і разводзяць да 10 літраў вадой. Прымяняюць пасля цвіцення або пасля ўтварэння пладоў. Супраць медзяніцы дрэвы вечарам акурваюць. Робяць гэта ў чэрвені-ліпені, пакуль шкоднікі не пачалі яйцаклада. Для акурвання выкарыстоўваюць гаручае смецце, кару, пілавінне, хвойныя іголкі ў сумесі з прэлым сенам і тытунёвымі адходамі.

АГАРОДНІКУ
Асноўны клопат на агародзе ў чэрвені – догляд за бульбай і агароднымі раслінамі. Міжрадкоўі сталовых караняплодаў, карані якіх ідуць у глыбіню, спачатку рыхляць на глыбіню 3-5 сантыметраў, калі ж расліны разрастуцца, рыхленне паглыбляюць на 12-14 сантыметраў.

На плантацыях капусты, памідораў і агуркоў наадварот: спачатку праводзяць глыбокае рыхленне, а потым яго паступова змяншаюць, каб не пашкодзіць карані, якія ў гэтых раслін размяшчаюцца блізка ад паверхні.

На бульбяных палетках спачатку рыхляць міжрадкоўі, пазней акучваюць расліны. Рыхленне і акучванне праводзяць пасля дажджу або паліву. У сухое надвор’е рыхленне лепш не рабіць, а праполваць пустазелле, апырскваць расліны супраць шкоднікаў і хвароб.

Важным прыёмам догляду за раслінамі з’яўляецца прарэджванне, якое садзейнічае хуткаму фарміраванню і развіццю караняплодаў, цыбулін, разетак лісця, паляпшае асвятленне раслін. Першае прарэджванне праводзяць, калі ў раслін з’яўляюцца два сапраўдныя лісты – у гэтым выпадку пакідаюць расліну ад расліны на адлегласці 3-4 сантыметры і паліваюць дробным дожджыкам. Другое прарэджванне праводзяць тады, калі невялікія караняплоды або цыбуліны ўжываюць у ежу – паміж раслінамі пакідаюць такую адлегласць, якой яна павінна быць і да ўборкі.

У чэрвені пачынаюць збор і кампаставанне ўгнаенняў, раслінных рэшткаў, лісця, пустазелля. Важна, каб у іх не было інфекцыі хвароб – крыніц шкоднікаў. Пры выяўленні іх рэшткі неадкладна спальваюць.

У чэрвені ў памідораў выдаляюць усе пасынкі.

Ураджай на агародзе або невялікім дачным участку абараняюць ад шкоднікаў з дапамогай некаторых раслін. Напрыклад, супраць капуснай бялянкі, соўкі, тлі, молі і кляшчоў расліны апырскваюць настоем бульбоўніку, дзядоўніку. Настоем апошняга апрацоўваюць расліны ў перыяд вылету матылёў і адраджэння вусеняў. Капусту апырскваюць 3-4 разы з перапынкамі ў 7-8 дзён. Адвар з пасынкаў памідораў прымяняюць супраць кляшчоў, клапоў, лугавых матылькоў, блошак. Апырскваюць расліны толькі вечарам.

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

НА ЗАЎТРА
Салавей усю ноч пяе – будзе сонечны дзень. Вечарам выпала вялікая (шчодрая) раса – заўтра сонечнае надвор’е. Расы няма – будзе дождж, а магчыма, непагадзь. Кропелькі расы раніцай вісяць на самых кончыках лісця або травы – будзе дождж. Калі гром грыміць глуха, быццам пад зямлёй, – пойдзе ціхі дождж, калі гром гулкі – лівень, а бесперапынны раскацісты гром прадвяшчае град. Ціхая светлая ноч без расы – заўтра будзе дождж. Раса хутка высыхае – на дождж, калі раса не высыхае да поўдня – таксама будзе дождж.

Туман раніцай уздымаецца ўверх і ўтварае воблакі – будзе дождж, лажыцца на зямлю – на сухое надвор’е. Перыстыя воблакі выцягваюцца доўгай палоскай – будзе моцны дождж з ветрам. Дзень стаіць сонечны, цёплы, а дзяцел моцна стукае дзюбай – хутка пойдзе дождж. Гракі пасвяцца на траве – чакай дажджу, а калі весела гуляюць, то будзе добрае надвор’е. Бесперапынна ныраюць і палошчуцца качкі – пойдзе дождж. Калі ў вясёлцы больш чырвонага колеру, то дождж перастане, а калі сіняга – узмоцніцца непагадзь.

На небе яшчэ ні хмаркі, а матылькі-крапіўніцы спынілі свае палёты і хаваюцца ў кучах сухіх галінак, дуплах дрэў, залятаюць праз адкрытыя вокны на веранду і ў пакоі – праз некалькі гадзін будзе навальніца, пойдзе дождж.

Туман раніцай сцелецца па вадзе – на сонечнае надвор’е, сонца заходзіць у светла-ружовую зару, нават прыкрытую невялікімі хмарамі, – заўтра ў першай палове дня будзе добрае надвор’е.

У пахмурны вечар добра бачны прадметы на гарызонце і выразна чутныя гукі – заўтра будзе дождж, а магчыма, навальніца.

НА БОЛЬШ ПРАЦЯГЛЫ ЧАС
На лісці каштана выступілі кроплі дажджу – надыдзе працяглае дажджлівае надвор’е. Калі няма блізка каштанаў, то можна назіраць за клёнам. У тых раёнах, дзе на дубе лісце ўтварылася раней, чым на ясені, будзе сухое лета. Калі на бярозе лісце ўтварылася раней, чым на вольсе, лета чакаецца сухім і гарачым, калі наадварот – дажджлівым і халодным.

ЗГОДНА З ДАТАМІ НАРОДНАГА КАЛЕНДАРА

1/19. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж – увесь месяц будзе сухі.
3/21. Алена (Алены, Ульяна) – дзень ільну. Лічылася: як пасеяць лён на Алены, то добры “ўдасца”.
7/25. Ян. “Калі рой выйдзе перад Янам, будзе пчаляр панам”. Гэту прыкмету адносілі і да Яна-Купалы.
14/1. З прысвяткам звязаны прыкметы пра рост зерневых культур. Усцін (Юстын і Харытон). “Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён”. “На Усціна лета ўдаецца – жыта добрым коласам нальецца”.
16/3. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна – на добры ўраджай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні – сырое лета прынясе.
21/8. Тодар (Хведар). Па стане надвор’я ў гэты дзень стараліся прадказаць надвор’е і ўраджай на лета. “На Тодара раса – канапель паласа”, “На Тодара раса – лета сухое і ўраджайнае”, “Навальніца на Хведара – падвядзе надвор’е ў час жніва”, “Хведар з навальніцай – сенакос спартачыць”, “Росы з Хведара – лён уродзіць”.
23/10. Купала. “На Купала раса – будуць агуркі”, “У каго Купала пракосы ўбача – таго баба жнівом не заплача”.
24/11. Ян (Ян Купальны, Янаў дзень). “Святы Ян пчолы садзіць”, “Часамі Ян дасць ягад збан”, “На Яна сонца гуляе”.
25/12. Анапрэй (Нупрэй) – прысвятак. Лічылася, што ўжо паспелі суніцы. Спрыяльны дзень для сяўбы грэчкі. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”. Гаварылі: “Да абеду сей белае зерне (авёс), а пасля абеду – чорнае (грэчку)”. Але: “Калі суніца красна, не сей аўса напрасна” – гэта значыць, авёс не паспее да марозу. “Анапрэй – сей канапель”.
26/13. Акуліна (Акуліна Грэчышніца). У некаторых раёнах сеялі грэчку, падрыхтаваўшы глебу на Нупрэя.
28/15. Амос. За прысвяткам замацавалася прыкмета: прыйшоў Амос – цягне ўгору авёс.
29/16. Ціхан. Зямля прыпавольвае свой рух на арбіце, і ў народзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень. “На Ціхана і пеўчыя птушкі заціхаюць”, “На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае”.

ЗЯЛЁНЫЯ СІНОПТЫКІ

Цяпер, каб дасканала разабрацца, як і чым некаторыя расліны рэагуюць на змены надвор’я, умоўна раздзелім іх на тыпы.

Да першага тыпу аднясём расліны, якія рэагуюць лісточкамі: канюшына лугавая, кісліца, касцяніца, папаратнік-арляк, капытнік (белакрыльнік). Кісліца – маленькая расліна з трыма лісточкамі, стварае на нізкіх месцах на палянах ельнікаў цэлыя зялёныя дываны. Перад дажджом яе лісточкі складваюцца і прыціскаюцца да сцябліны. Гэтак жа рэагуе і канюшына. Такім чынам адбываецца захаванне пажыўных рэчываў у лістах, бо яны не пакрыты васковым налётам, які б засцерагаў іх ад вымывання дажджом. Перад устойлівым ясным надвор’ем расліны распрамляюць свае лісточкі. Таксама яны рэагуюць і кветачкамі: перад даджом у кісліцы складваюцца і нікнуць, у канюшыны суквецце-кошычак сціскаецца. Перад яснай і цёплай пагодай яны паводзяць сябе наадварот.

Папаратнік-арляк дзейнічае інакш. Перад цёплым сухім надвор’ем лісты скручвае ўніз, а перад непагодай – распрамляецца. Так сваімі трайнымі лісточкамі робіць і касцяніца: за 15-20 гадзін да дажджу яны раскручваюцца і нават загібаюцца ўверх.

Капытнік (белакрыльнік), які расце на балотах, уздоўж берагоў рэк і азёр, прадказвае надвор’е белым лістом-крылом, што акружае суквецце-пачатак. Перад дажджом белае крыло адхіляецца ўбок, а ў цёплае яснае надвор’е востры канец ліста падняты вертыкальна ўверх. Белы ліст ахоўвае суквецце ад лішку выпарэння вільгаці ад перагрэву сонечнымі промнямі.

Да другога тыпу аднясём расліны, якія “працуюць” кветкамі. Гэта вядомыя кісліца, канюшына, ёсць яшчэ мноства іншых: фіялка, смолка, чыстацел, сон-трава, бярозка, расходнік (ачытак пурпурны), дзьмухавец, белы гарлачык, асабліва – макрыца, асот агародні, наготкі, мальва.

Добрым барометрам можа быць макрыца. Калі з раніцы да 9 гадзін кветкі не раскрыюцца, то днём павінен быць дождж, і, наадварот: калі кветкі да 9 гадзін раніцы раскрыюцца і не закрыюцца да 16 гадзін, чакаецца добрае надвор’е. Такім барометрам можна карыстацца з красавіка да позняй восені, бо макрыца цвіце ўвесь гэты перыяд. Аналагічным чынам дзейнічаюць і наготкі, адкрываючы перад яснай пагодай і закрываючы перад дажджом свае вяночкі.

Асот агародны раскрывае жоўтыя кошычкі ў 5 гадзін раніцы і закрывае ў 11-12 гадзін дня. Калі ён не раскрыў іх, то чакай на наступны дзень дажджу. Перад дажджом закрываюцца кветкі бярозкі, казяльца (люціка), суквецці дзьмухаўца.

Іншыя расліны працуюць так. Расходнік (ачытак пурпурны), ці зайцава капуста, расце на ўзгорках уздоўж кустоўя, рэагуе наступным чынам: калі ягоныя кветкі на ноч не закрываюцца, то раніцай абавязкова пойдзе дождж. Наадварот: на ноч закрыліся – заўтра будзе добрае надвор’е.

На непагоду раскрываюцца кветкі салаты – латука, бядрынца.

Падвядаюць перад дажджом кветкі чыстацелу, фіялкі, мальвы. У буйміны (сардэчнік лугавы) белае суквецце нават панікае.

Асабліва вызначана дзейнічае белы гарлачык. Калі на паверхні вады з’явіліся белыя гарлачыкі, то ўжо больш ранішніх марозаў не будзе. Калі ён складае белыя пялёсткі ў свой “гарлачык”, то абавязкова пойдзе дождж, а калі апускае ніжэй за ўзровень вады – чакаецца халоднае і дажджлівае надвор’е, нават з ветрам.

(Працяг будзе)

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,
жыхар аграгарадка Ракаў