Уражанняў і ўспамінаў хопіць надоўга

Главное Молодежный курьер

Хутка ў воінскіх часцях і злучэннях пройдзе рытуал прыняцця Ваеннай прысягі. Гэта хвалюючая і ўрачыстая падзея, якая запамінаецца як самы яркі момант службы.

З такім меркаваннем пагодзіцца і наводчык-аператар БМП гвардыі яфрэйтар Мікалай ДУДАР. Зусім нядаўна ён у апошні раз пераступіў парог КПП 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, развітаўся з таварышамі і вярнуўся дадому ў Валожын. Яго тэрміновая служба паспяхова завяршылася.

Падчас знаходжання ў войску гвардзеец Дудар неаднаразова адзначаўся камандаваннем як адзін з лепшых у падраздзяленні, атрымліваў заахвочванні. Цёпла адклікаюцца пра Мікалая і саслужыўцы.

Мікалай Дудар нарадзіўся ў Валожыне, у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы атрымаў спецыяльнасць электрамантажніка-электразваршчыка, а працоўную біяграфію распачаў у сталіцы.

Хлопец прызнаецца: “Ад службы ў арміі ніколі не ўхіляўся. Гатоў быў прайсці гэты пачэсны шлях, як патрабуецца. Зараз разумею, што тэрміновая служба стала важнейшым этапам у маім жыцці. Я многаму навучыўся, многае адкрыў для сябе. Першы ўрок заключаецца ў тым, што кожны ўчынак патрэбна старанна абдумаць, узважыць. Па-другое, неабходна даражыць часам, правільна яго размяркоўваць”.

Гаворачы пра свой салдацкі перыяд, Мікалай Дудар адзначае важнейшыя моманты. Так, курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі заклаў веданне агульнавайсковых статутаў, заняткі страявой падрыхтоўкай прывучылі да дысцыпліны і вытрымкі. Фізічныя практыкаванні на свежым паветры не толькі загартавалі цела, але і сфарміравалі новы светапогляд на здаровы лад жыцця. Безумоўна, ніколі не забудзецца першае пападанне ў мішэнь, абкатка танкам.

– Па праўдзе кажучы, уражанняў і ўспамінаў застанецца на доўгія гады. Рад, што атрымаў менавіта такую ваенную спецыяльнасць – наводчык, што асвоіў комплекс БМП. За плячамі засталіся цяжкія палявыя выхады, вучэнні… Але затое давялося паўдзельнічаць у парадзе. Эмоцыі ад урачыстага маршу не перадаць словамі! Гэта і гонар, і радасць. Зараз я вяртаюся дадому, да цывільнага ўкладу. Мяркую адпачыць нейкі тыдзень і – за работу. Усіх планаў раскрываць не буду, а то раптам не збудуцца! Але адно ведаю дакладна – армейская загартоўка дапаможа справіцца з любой сітуацыяй, – прызнаецца гвардыі яфрэйтар Мікалай Дудар.

Алена МЯЦЕЛЬСКАЯ,
фота аўтара