А горад расце, развіваецца…

Главное

Амаль месяц, як у новым мікрараёне нашага горада ў кірунку кальцавой развязкі да Вішнева разгарнуліся маштабныя работы. Спецыяльная тэхніка пачала знімаць і адвозіць дзёран, выраўноўваючы і прафілюючы вялікі пляц агульнай плошчай амаль 8 гектараў. Так пачалося будаўніцтва «Раёна індывідуальнай забудовы Валожын» – новага аб’екта на карце райцэнтра ў рамках развіцця яго інжынернай інфраструктуры. Заказчыкам работ выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Валожыншчыны, а генеральным падрадчыкам – філіял КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167».

Фінансаванне вядзецца за кошт абласнога бюджэту. Як патлумачылі спецыялісты «УКБ-Валожын», за адведзены да моманту здачы ў эксплуатацыю раёна індывідуальнай забудовы час (а гэта плануецца зрабіць у апошнім квартале бягучага года) перад генпадрадчыкам стаіць задача пракласці 2,9 кіламетра сетак газазабеспячэння, 2,7 км водаправодных сетак, 2,5 км труб бытавой каналізацыі і 1 кіламетр ліўнёвак, а таксама спрафіляваць і ўпарадкаваць будучыя ўчасткі і вуліцы, выкласці дробнаштучнай пліткай пешаходныя дарожкі, тратуары і інш.

Май 2020-га стаў адпраўной кропкай для пачатку дзейнасці работнікаў філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167» на гэтым аб’екце. Дырэктар арганізацыі Уладзімір Саевіч паведаміў, што сёння на добраўпарадкаванні РІЗ заняты 4 паўнацэнныя брыгады, працуюць 3 экскаватары, 3 пагрузчыкі і шэраг велікагрузных самазвалаў.

– Не буду рабіць сакрэту: мы вельмі задаволены, што ўдалося выйграць гэты тэндар, – дзеліцца разважаннямі Уладзімір Міхайлавіч. – На фінансаванне нашых профільных работ выдзяляецца абмежаваная колькасць сродкаў, таму мы вымушаны шукаць у тым ліку і іншыя віды заробку. Сёння маем усе неабходныя сертыфікаты і ліцэнзіі, каб прафесіянальна справіцца з пракладкай камунікацыйна-інжынерных сетак, выканаць добраўпарадкаванне, таму з радасцю ўзяліся за новую справу. Тым больш, што карысць (не толькі эстэтычная, але і эканамічная) відавочная і заказчыку, і нам, і ўсёй Валожыншчыне: генплан развіцця райцэнтра выконваецца, у бюджэт раёна ідуць падаткі, а нашы людзі атрымліваюць зарплату. У якасці субпадрадчыка прыцягнулі таксама ДУП «Валожынскае ПМС», у калег таксама свой фронт работы.

Гэтымі днямі ў спецыялістаў-дарожнікаў шчыльны працоўны графік. Выканалі пракладванне 700 метраў бытавой каналізацыі на адной з новых вуліц (пакуль яны не маюць уласных назваў, ім прысвоены парадкавыя нумары) і там жа палажылі каля 300 метраў водаправода. На ўсёй працягласці дарогі па левым баку пабудаваны тратуар, хутка работнікі прыступяць да ўпарадкавання пакрыцця гравійна-пасчанай сумессю спецыяльнай фракцыі, якая забяспечыць палатну неабходную цвёрдасць і доўгую службу (асфальтавае пакрыццё вуліц РІЗ бягучай праектна-каштарыснай дакументацыяй не прадугледжана – заўв. рэд.). Паралельна вядуцца работы па вертыкальнай планіроўцы дзвюх дарог і прылеглых да іх участкаў індывідуальнай забудовы, на адной пачалі ўладкоўваць пешаходныя дарожкі. Яшчэ адзін немалаважны аспект – азеляненне, з яго добраўпарадкаванне пачынаецца і ім жа заканчваецца. «Урадлівы пласт глебы фарміраваўся на працягу мільёнаў гадоў. Хто мы, каб нішчыць яго? – заўважае Уладзімір Саевіч. – Таму напачатку тэхніка збірае гэты слой і звозіць у пэўнае месца, а пры завяршэнні – вяртае назад. Аб’ект мы можам паўнапраўна здаць у эксплуатацыю толькі тады, калі побач з роўняддзю транспартных камунікацый вырасце зялёны «вожык» жывой травы».

 

Гэта важна! 

Пакуль на вуліцах РІЗ вядуцца будаўнічыя работы, самы спрыяльны час для жыхароў мікрараёна скарыстацца магчымасцю зрабіць уводы ад цэнтральных сетак газа-, вода- і электразабеспячэння да сваіх сядзіб. Справа ў тым, што цяпер абыдзецца гэта нашмат танней, чым калі плітку і дарожнае палатно ўжо пакладуць. Тады ў дагаворы будзе ўключаны пункт поўнага аднаўлення парушанага пакрыцця – а гэта зусім іншыя выдаткі. Раім задумацца!

Матэрыял да друку падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ

Фота Сяргея БОБРЫКА