Мастак у свеце цішыні

Важное Люди и судьбы

Імя Рамуальда Клеафасавіча КАСІЦКАГА з Вайганаў пры ўсёй яго гучнасці пакуль не значыцца ў даведніках па выяўленчым мастацтве, ды і стаўленне мастака-самародка да ўласнага таленту носіць досыць іранічны характар, маўляў, ну магу штосьці, але ж гэта не шэдэўры. Мяне ж, чалавека, які не зусім на Вы з алоўкамі і фарбамі, убачанае ў яго ўтульным доме ўразіла да глыбіні душы. Прычым захапілі не толькі творчыя работы. Высветлілася: мастак, скульптар, разьбяр, майстар па метале і скуры адукацыю мае, мякка кажучы, не высокую – скончыў восем класаў, аб чым, дарэчы, нізавошта не здагадаешся па знешнасці. Яго хутчэй прымеш за навукоўца – добрыя, разумныя вочы іскрацца інтэлектам і гумарам. Пра свае творы можа расказваць доўга, у кожнай – асобная гісторыя. Вось толькі зразумець творцу няпроста, што зусім не дзіўна, – з шасці гадоў мужчына, якому ўжо пераваліла за 70, жыве ў 100-працэнтнай цішыні, голас свой не чуе, таму вымаўляе словы не так, як любы з нас, хто можа кантраляваць уласны моўны апарат.

Хлопчык нарадзіўся здаровым. Рос, як і ўсе дзеці. Рана пачаў гаварыць, радаваў бацькоў сваімі здольнасцямі – ужо тады ў прыродным матэрыяле бачыў і прыгажосць, і рацыянальнае зерне. З дапамогай сцізорыка мог з лёгкасцю выразаць лыжку ці іншы няхітры гаспадарчы інвентар, упрыгожыць яго. І вось – страшны дыягназ. Менінгіт падзяліў жыццё на “да” і “пасля”.

Не кожны ў падобнай сітуацыі здольны выстаяць, не зламацца. Ён змог. Пасля школы для глухіх паехаў у Мінск. Працаваў на заводзе спачатку вартаўніком, затым токарам. На таленавітага рабочага хутка звярнулі ўвагу. Асабіста дырэктар ацаніў яго ўменні і фантазію. Рамуальду Клеафасавічу абсталявалі спецыяльны кабінет-лабараторыю, дзе ён займаўся ўдасканаленнем асобных дэталяў, вынаходзіў новыя. Пасля рацыяналізатарскія прапановы і абразцы ўкараняліся ў вытворчасць. У вольную ж хвіліну апантана маляваў, вырабляў прадметы дэкаратыўна-прыкладнога характару. Нават калі-нікалі падзарабляў, выставіўшы некаторыя з іх на продаж.

Што тычыцца асабістага шчасця, і яно не мінула нашага земляка. Яшчэ ў юныя гады сустрэў прыгожую і мілую дзяўчыну, якая стала яму вернай жонкай і любячай матуляй для дзвюх дачок. На жаль, пары не было суджана разам сустрэць старасць. Ад цяжкай хваробы ў даволі маладым узросце жонка памерла.

Рамуальд Клеафасавіч цалкам прысвяціў сябе дзецям і ўнукам. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, зрабіў рамонт у бацькоўскім доме і зноў стаў жыхаром роднай вёскі. Хатнія клопаты, творчасць, падрыхтоўка да прыезду ў выхадныя дні дарагіх гасцей са сталіцы… Вось такую формулу набыло яго жыццё. Хто б падумаў, што амаль 70-гадовага мужчыну яшчэ чакае неверагодны паварот лёсу.

Аднойчы яму давялося пабываць у Гальшанах. Знаёмая папрасіла дапамагчы з рамонтам. У дом гаспадыні завітала сяброўка, вельмі прыемная і даволі маладжавая. Мужчына і жанчына пазнаёміліся, пагутарылі, разам папалуднавалі і ўсё. Але ён не забыў Алену Мар’янаўну. Ды і яна, удава са стажам, раз-пораз успамінала чалавека з не вельмі зразумелай гутаркай, але з надзіва выразнымі вачамі. Яе, такую добразычлівую, усмешлівую, працавітую, жыццё не радавала. Спачатку памёр муж, затым сын. Нявестка з унукам доўгі час жылі з ёй, але паступова прыйшлі да высновы: патрэбна будаваць сваю будучыню. Жанчына перавезла да сябе цётку мужа, але тая хутка памерла. У сына і дачкі – свае сем’і, а яна прывыкла да таго, што побач пастаянна хтосьці ёсць. Калі праз год пасля знаёмства з жыхаром Вайганаў патэлефанавала незнаёмка і паведаміла, што яе тата марыць стаць мужам Алены, доўга не магла знайсці словы ў адказ.

Справа ў тым, што ў Рамуальда Клеафасавіча вельмі цёплыя адносіны з дочкамі, менавіта ім пасля той сустрэчы прызнаўся: не можа забыць сціплую, але такую сімпатычну новую знаёмую. Амаль дванаццаць месяцаў яго не пакідала думка пра тое, як добра было б мець гэту жанчыну побач. Дочкі не толькі не асудзілі бацьку, наадварот, самі патэлефанавалі ў Гальшаны (Рамуальд Клеафасавіч, зразумела, па тэлефоне гаварыць не можа, яму неабходна бачыць артыкуляцыю субяседніка). Для Алены тэма сватаўства прагучала, нібы гром сярод яснага неба. Нават думкі не ўзнікала ў яе наконт яшчэ аднаго шлюбу. Ёй жа 66 гадоў, якія жаніхі? Тым не менш, трохі супакоіўшыся, успомніла лагодны позірк чалавека, які шмат перажыў і змог годна супрацьстаяць кожнаму выпрабаванню. І яна рашылася. Запрасіла Рамана (так яго завуць блізкія) з сям’ёй у госці. Там пазнаёміла з дачкой, сынам, нявесткамі, зяцем і ўнукамі.

З той пары прайшлі два гады. Зараз у іх вялікая дружная сям’я. Яны не толькі схадзілі ў ЗАГС, але ўзялі шлюб у касцёле. Амаль цэлы год з імі пражыла цешча. Пажылая жанчына (на жаль, нядаўна пайшла з жыцця) у свой час спрабавала адгаварыць дачку ад паўторнага шлюбу, а пасля таго, як ацаніла чалавечыя якасці новага зяця, нават прыпісвала сабе мудрую параду наконт такога адказнага рашэння. Год таму Рамуальд Клеафасавіч сустракаў юбілей. У іх утульным доме сабраліся ўсе родныя з двух бакоў (чалавек трыццаць!). Цікава, але кожнаму здавалася, быццам знаёмыя яны ўсё жыццё.
Мужчына шчыра прызнаецца, што задаволены лёсам. У яго цудоўныя дзеці, унукі, маецца ўзаемная сімпатыя з роднымі другой палавіны. Яе сын нават сказаў: “У цябе такое імя і імя па бацьку, што вымаўляць цяжка. Так зваць не буду. І дзядзькам не буду. Будзеш бацькам…” Вось так займеў наш герой сына, пра якога марыў яшчэ ў маладосці. Мяне кранула і тое, што нявестка Алены (удава памёршага сына) па-ранейшаму член іх сям’і. Любячая свякроў нават прызналася: марыць, каб адзінокая маці яе ўнука знайшла шчасце з добрым чалавекам. Яго, дарэчы, таксама гатовы прыняць у гэта цёплае сваяцкае кола.

Рамуальд Клеафасавіч вельмі любіў першую жонку. У адным з пакояў вісіць яе партрэт. Ён усё тлумачыць пра адносіны мастака і яго мадэлі… Але чалавек гэты ўмее цаніць не толькі мінулае, але і жыць сённяшнім днём. У немаладым узросце змог знайсці яшчэ адну любячую жанчыну. Калі гэтыя двое побач, з першага позірку зразумееш: іх позняе каханне – узаемнае, сапраўднае і вялікае.

З цікавасцю слухала я няпростую гісторыю. У зносінах з яе галоўным героем мне дапамагалі жонка і дачка Ілона. У нейкі момант нават у думках задала сабе пытанне, ці змагла б пры такіх жорсткіх умовах, у якія паставіла жыццё няшчаснага хлопчыка, гэтак жа годна справіцца з выпрабаваннямі, а пасля стаць тым, кім стаў ён – сем’янінам з вялікай літары і мастаком са сваім уласным, адметным почыркам.

У суправаджэнні добразычлівых гаспадароў (яны ж выступілі і экскурсаводамі) я разглядала работы Рамуальд Клеафасавіча і з кожнай усё больш дзівілася яго фантазіі і залатым рукам. Вось копія карціны “Паляўнічыя на прывале” (ад арыгінала не адрозніць!), вось вельмі рэалістычны нацюрморт, скульптура з дрэва ў выглядзе старога чалавека, дэкаратыўная сякера з мастацкім аздабленнем і ў спецыяльным скураным чахле, драўлянае распяцце на незвычайнай падстаўцы (не з першага погляду заўважыла, што гэта грыбны нараст на дрэве). Некаторыя сувеніры радуюць вока ў выключна эстэтычным сэнсе, іншыя маюць практычнае прызначэнне. Суразмоўцы патлумачылі: шмат работ знаходзяцца ў гарадской кватэры ці ў дамах сваякоў. Некаторыя пайшлі на падарункі, штосьці прададзена, а рэчы, выкананыя на заказ, можна пабачыць на фотаздымках, як, напрыклад, пояс, што стаў узнагародай пераможцу чэмпіянату па боксе. Нядрэнна прыклаў рукі майстар да аздаблення дома і добраўпарадкавання падворка.

Цяжка было развітацца з новымі знаёмымі. Іх аповед па-сапраўднаму крануў мяне. Уразіла ўменне разумець, дапамагаць і паважаць адзін аднаго. Я нават адчула сябе часткай гэтай незвычайнай сям’і і падумала, што ніякія выпрабаванні не страшныя чалавецтву, пакуль сярод нас ёсць такія людзі, як мастак з Вайганаў, – асобы, што ўмеюць тонка адчуваць свет, мастацтва, іншых людзей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара