Мінбудархітэктуры зацікаўлена ў прыцягненні прыватнікаў да будаўніцтва арэнднага жылля

Важное

Згодна з інфармацыяй БелТА, у бягучым годзе запланавана пабудаваць 135 тыс. кв.м арэнднага жылля, усяго ж у 2020 годзе намечаны ўвод 4 млн кв.м жылля. «Як просты грамадзянін лічу, што гэта, безумоўна, мала, а як прафесіянал магу сказаць, што разглядаць у гэтым пытанні трэба шэраг фактараў. Гэта, вядома ж, попыт, бюджэт, таму што будуецца такое жыллё ў першую чаргу за бюджэтныя грошы і за кошт сродкаў прадпрыемстваў. Можна пабудаваць за кошт іншых не забароненых заканадаўствам крыніц фінансавання, гэта значыць за кошт сродкаў прыватных арганізацый», — адзначыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.

Паводле яго слоў, спецыялісты міністэрства працуюць над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы, каб арганізацыі, асабліва прыватнай формы ўласнасці, больш ахвотна займаліся такім будаўніцтвам. «Цяпер пакуль заўчасна гаварыць, што гэта будуць за ўмовы. Магчыма, яны будуць датычыцца прадастаўлення ўчасткаў зямлі або стварэння інфраструктуры. Магчыма, нешта трэба дапоўніць у падатковым кодэксе, можа, перагледзець падаткі — тэму трэба яшчэ прапрацаваць. Магчыма, унясём нейкія дапаўненні ва ўжо існуючыя нарматыўныя акты альбо гэта выйдзе нейкім самастойным дакументам. Мы над гэтым цяпер працуем», — сказаў Аляксандр Аўраменка.

Паводле даных спецыяліста, арэнднае жыллё складае прыкладна 3,5 працэнта ад усяго жылфонду краіны. «Мы стараемся рабіць усё, каб яго было больш. Колькасць арэнднага жылля павялічваецца практычна за кошт новага будаўніцтва», — адзначыў начальнік упраўлення. Арэндным жыллём карыстаюцца як тыя, хто знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, так і тыя, каму па рабоце неабходна прадастаўляць такое жыллё. Акрамя таго, падпісана пастанова Савета Міністраў, якая прадугледжвае да ліку першачаргавікоў на арэнднае жыллё аднесці работнікаў аховы здароўя, педагагічных работнікаў, супрацоўнікаў сферы культуры, а таксама тых, хто забяспечвае паліятыўны догляд хворых.

Адказваючы на пытанне, ці плануецца пераглядаць план на год па будаўніцтве арэнднага жылля, Аляксандр Аўраменка адзначыў, што зрабіць гэта даволі складана. «Гэта ж датычыцца бюджэтнага фінансавання, і перагледзець планы вельмі складана, на гэта трэба знайсці грошы. Калі ў дзяржавы знойдуцца дадатковыя крыніцы фінансавання менавіта з бюджэту, наша галіна гатова пабудаваць больш арэнднага жылля», — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства.

Што датычыцца магчымасці прыватызацыі арэнднага жылля ў будучым, начальнік упраўлення адзначыў, што заканадаўствам гэта пакуль не прадугледжана.

Фота БелТА