Наш зямляк — наш гонар

Культура

Калі працаваў выкладчыкам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Сакаўшчынскай сярэдняй школе, часта даводзілася сустракацца з удзельнікамі і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Пастаянным госцем на ўроках і мерапрыемствах быў у нас удзельнік вайны Іван Сямёнавіч Байраш.
Наведваем яго і зараз. У сярэдзіне сакавіка чарговы раз завітаў у госці да ветэрана, пацікавіўся яго праблемамі, станам здароўя ды і наогул жыццём. Іван Сямёнавіч быў заўсёды цікавым субяседнікам, ахвотна прыгадваў былыя часы, хоць памяць апошнія гады і падводзіла, расказваў незвычайныя гісторыі.
У час апошняй нашай сустрэчы, нягледзячы на не зусім добрае самаадчуванне, зноў аддаўся ўспамінам, прыгадаў і гады ваеннага ліхалецця. Ён карэнны жыхар вёскі Стайкі, тут жылі і працавалі яго бацькі. Тры гектары зямлі, якія сям’я мела ва ўласнасці, апрацоўваць было нялёгка. Ды і гаспадарку трымалі немалую. Таму працавалі ўсе і шмат.
Калі пачалася вайна, Івана Сямёнавіча, дваццацігадовага юнака, прызвалі ў армію. Ваеннай справе вучылі ў Валожыне, ваяваць жа давялося на тэрыторыях Польшчы і Германіі, стралком-пехацінцам прайшоў па дарогах вайны амаль да канца. Калі ў 1944-ым атрымаў раненне, некалькі месяцаў правёў у шпіталі, з-за ранення і стаў інвалідам II групы.
Пасля вайны дэмабілізаваўся з арміі і вярнуўся на радзіму, у родныя Стайкі. Працаваў у мясцовым калгасе конюхам. Нават яшчэ зусім нядаўна гэты дзевяностагадовы чалавек не мог сядзець склаўшы рукі. Ён з захапленнем расказваў, як у мінулым годзе ў час жніва касіў збожжа ў тых месцах, куды не даходзіў камбайн.
Любіць паказваць ветэран і свае ўзнагароды, заўсёды дастае з шафы пінжак, дзе ўсе яны акуратна прышпілены ў радок. Да кожнага медаля мае пасведчанне, якія беражліва захоўвае ў асобнай скрыначцы. На жыццё ніколі не скардзіцца, хоць і было яно нялёгкім. На жаль, няма ўжо і спадарожніцы жыцця – любімай жонкі. Аднак не забываюць пра дарагога бацьку і дзядулю дзеці і ўнукі. Хочацца пажадаць Івану Сямёнавічу здароўя, яшчэ доўгіх гадоў жыцця, а таксама дачакацца і радасна сустрэць 65-годдзе Вялікай Перамогі.

Васілій КАРЗЮК,
старшыня ветэранскай арганізацыі Сакаўшчынскага сельвыканкама.



Добавить комментарий