КАЛАСЫ– РОДНЫХ НІЎ ЖЫВЫЯ ГАЛАСЫ

Общество

Свята першага снапа прайшло ў раёне ў мінулую суботу. А зажаты гэты сноп быў у адной з эканамічна моцных гаспадарак раёна СВК “Пяршаі-2003”.

Мяркуючы па дужых каласах зерня,  сёлета тут будзе шчодры намалот, таму эканамічная база гаспадаркі стане яшчэ больш трывалай. Амаль на 1000 гектарах на працягу трох тыдняў у аптымальныя тэрміны ў гаспадарцы будзе шырыцца жніво. Старанна падрыхтавана тэхніка. Людзі настроены на самаадданую працу.

Героі хлебнай нівы разумеюць, што важныя не толькі тэмпы работ, а і абавязкова якасць уборкі. Бо калі толькі на адным квадратным метры страты складуць усяго тры зярняткі, то  іх маштабы ў цэлым па гаспадарцы дасягнуць 600 тон. Таму важна захаваць вырашчаны ўраджай да каласка. Разам са словамі шчырага зычэння пра гэта гаварылі на раённым свяце “Зажынкі” старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, кіраўнік гаспадаркі  Я. Я. Скрундзь, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу  П. У. Жалняровіч. Ім былі ўручаны караваі з намалоту мінулага года,  а таксама сімвалічныя  снапы сёлетняй касавіцы, як сімвалы руплівай працы хлебаробаў і нашага дабрабыту.

Узнёслую і хвалюючую оду самаму вялікаму багаццю на зямлі –Хлебу – прысвяцілі  на “Зажынках” самадзейныя артысты раёна. Была падрыхтавана ўдалая фальклорна-абрадавая кампазіцыя. Яна да глыбіні душы ўзрушыла ўдзельнікаў гэтага ліпеньскага мерапрыемства.

…Перад густой сцяной збажыны на ўскрайку поля стаяў доўгі рад магутнай замежнай і айчыннай тэхнікі. Міжволі падумалася: з такім зайздросным арсеналам і баявым настроем хлебаробаў нават самыя грандыёзныя задачы ім будуць па плячы!

Першы сноп са збажыны ўраджаю-2011  на  раённых  “Зажынках”  быў уручаны і кожнаму кіраўніку сельгаспрадпрыемства раёна. Сярод іх ёсць нямала маладых, для каго  сёлетняе жніво стане першым сапраўдным экзаменам. Але ж пачуццё адказнасці і хвалявання ў гэты час не пакідае і кіраўнікоў, якія аддалі працы ў аграрным сектары дзесяткі гадоў. І гэта не выпадкова. Бо, як вобразна было зазначана з імправізаванай сцэны, сцяблінамі жытнімі – найтрывалейшымі нервамі – звязаны хлебаробы з роднай зямлёй.

Залатыя жніўныя прасторы радуюць сёлета сваім умалотным коласам. Але ўсе разумеюць, што вынік жніва будзе залежыць і ад умоў надвор’я.  Ксёндз Яраслаў благаславіў усіх, хто сёлета будзе працаваць у полі, на плённую працу, словамі шчырай малітвы спаслаў на іх святло Божай апекі і дапамогі. З пачаткам жніва прыехалі павіншаваць працаўнікоў вёскі і прадстаўнікі абласнога прафсаюзнага ведамства.

Жніво дало старт! З вялікім хваляваннем селі за штурвалы магутных камбайнаў члены  зернеўборачных экіпажаў СВК “Пяршаі-2003”. Маладыя будуць вучыцца ў больш вопытных сваіх калег. Разам з бацькамі  будуць працаваць на ўборцы і  іх сыны. Сэрцы кожнага з іх аддадзены роднай зямлі, якая ўзрадзіла найвялікшы скарб – Хлеб, без якога немагчыма існаванне нічога жывога. Зямля-карміцелька не паскупілася і аддала свае сілы густой збажыне. А цяпер людзі ў сваю чаргу павінны  гэтак жа  шчыра аддаць свае сілы роднай зямлі і з удзячнасцю прыняць яе бясцэнны скарб. У добры шлях!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 

 



Добавить комментарий