У школах будуць праходзіць кансультацыі па падрыхтоўцы да ЦТ

Важное

Згодна з інфармацыяй БелТА, у школах па жаданні выпускнікоў 11-х класаў арганізаваны кансультацыі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

Паводле рэкамендацый Мінадукацыі, кансультацыі праводзяцца з 15 па 23 чэрвеня. «Яны арганізаваны ва ўсіх абласцях і Мінску па ўсіх прадметах, па якіх прадугледжана правядзенне ЦТ. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца кансультацыі па матэматыцы, рускай і замежнай мовах, біялогіі, хіміі», — адзначылі ў Мінадукацыі.

Расклад кансультацый у школах па вучэбных прадметах складаецца індывідуальна.

Як паведамлялася, у бягучым годзе ЦТ стартуе 25 чэрвеня з іспыту па беларускай мове. ЦТ па рускай мове адбудзецца 26 і 27 чэрвеня, па грамадазнаўстве — 29 чэрвеня, па матэматыцы — 1 і 2 ліпеня, біялогіі — 4 ліпеня. ЦТ па замежнай мове (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай) можна будзе здаць 6 ліпеня, па хіміі — 8 ліпеня, фізіцы — 10 ліпеня, гісторыі Беларусі — 12 ліпеня, геаграфіі — 14 ліпеня, сусветнай гісторыі (навейшы час) — 16 ліпеня.